Даваенныя чэмпіянаты Беларусі па шашках сярод мужчын. Частка 2
Гэтым разам расповед пра чэмпіянаты пад парадкавымі нумарамі VІ-X. Першая частка матэрыялу тут.
Газета «Звязда» ў нумары ад 18 красавіка 1935 года паведамляла, што фінал першынства Беларусі па
шахматах і шашках будзе праведзены ў ліпені, і прыводзіла сістэму адбору ў яго.
Спачатку арганізуюцца турніры з ахопам усіх жадаючых у нізавых гуртках на
прадпрыемствах, установах, саўгасах, калгасах, арцелях, навучальных установах,
вайсковых частках і інш. Потым праводзяцца паўфіналы і фіналы гарадскіх і
раённых чэмпіянатаў. Апошні этап адбору – куставыя міжраённыя турніры ў Мінску,
Віцебску, Магілёве, Гомелі і Бабруйску ў маі і чэрвені. Для ўдзелу ў фінале
планавалі запрасіць лепшых майстроў СССР.
Потым фінал
першынства Беларусі перанеслі на кастрычнік. У канцы жніўня ў Магілёве былі
праведзены міжраённыя групавыя спаборніцтвы (паўфіналы), пераможцамі якіх па
шашках сталі Абрамаў, Корзін, Ліхадзіеўскі,
Каплан, Красніцкі і Веніямін Гарадзецкі. Аднак фінал не адбыўся. Шахматыст Якаў
Камянецкі на старонках «64» пісаў, што выдзеленыя на яго правядзенне сродкі
былі зрасходаваны на іншыя мэты. Чэмпіянат прайшоў толькі ў наступным годзе.
VI чэмпіянат Беларусі, 9-23 жніўня 1936 года, Мінск
Адбор у першынство
Беларусі праходзіў у два этапы. Спачатку адбыліся гарадскія і раённыя турніры,
пераможцы якіх сустрэліся ў куставых адборачных спаборніцтвах (паўфіналах). Яны
прайшлі ў ліпені ў Віцебску і Бабруйску. Асобны гарадскі адборачны турнір
адбыўся ў Мінску. Удала ў гэтых турнірах згуляла моладзь: у Віцебску перамог мясцовы
школьнік Віктар Грушэцкі, у Бабруйску 2-3-е месцы падзялілі юныя браты
Канішчыкеры з Магілёва.
Без адбору ў фінал
былі дапушчаны прызёры папярэдняга чэмпіянату рэспублікі І. Гардон, Гардзевіч і Берлінкоў. Згуляць па-за конкурсам былі
запрошаны адны з мацнейшых савецкіх майстроў – чэмпіён Масквы Самуіл Ліёзнаў
(нарадзіўся ён у Віцебску), а таксама чэмпіён Ленінграда і пераможца першынства
УЦСПС (Усесаюзнага цэнтральнага савета прафесійных саюзаў) Васіль Сокаў.
![]() |
| Самуіл Ліёзнаў |
Чэмпіянат пачаўся 9 жніўня а 4-й гадзіне дня ў садзе «Профінтэрн» (цяпер гэта Цэнтральны дзіцячы парк імя М. Горкага). Старт павінны былі прыняць 14 ігракоў, аднак па нейкай прычыне не прыехаў гамяльчанін Раманюк. З чацвёртага тура яго замяніў Кобец, таксама прадстаўнік Гомеля. Прапушчаныя партыі ён згуляў пазней.
Пасля шостага тура з
турніру выбыў адзін з братоў Канішчыкераў – Барыс. Паколькі ён згуляў менш за
палову партый, вынікі яго партый анулявалі (нічыі з Гардзевічам, Сокавым і
Рыжковым, пройгрышы Ракітніцкаму,
Розенблюму і Гардону).
Падрабязна асвятлялі
ход першынства «Звязда», «Рабочий», «Чырвоная змена» і «Віцебскі пролетарый». Ніжэй
самае цікавае з іх публікацый.
Тур 1. Чэмпіён Масквы
майстар Ліёзнаў у складанай партыі заблытаў Рыжкова. Апошні прадпрыняў
вызваляючую камбінацыю, але пралічыўся і даў магчымасць Ліёзнаву атрымаць
вырашальную перавагу, а потым і выйгрыш. Майстар Гардон дабіўся пазіцыйнай
перавагі супраць Розенблюма. Нягледзячы на ўпартую абарону, Розенблюм не здолеў
ураўнаваць пазіцыю і вымушаны быў здацца. Партыя Сокаў – Раманюк не гулялася.
Тур 2. Майстры
сустрэлі моцнае супраціўленне. Малады, учора яшчэ невядомы шашыст Канішчыкер Б.
прымусіў чэмпіёна УЦСПС майстра Сокава згадзіцца на нічыю. Майстар Ліёзнаў
таксама не здолеў выйграць у Розенблюма, і партыя скончылася ўнічыю. У лепшым
стылі правёў партыю з Маслянскім майстар Гардон. Ён тонка ахвяраваў шашку,
потым адыграў яе, і становішча Маслянскага стала безнадзейным. Грушэцкі
дакладна правёў партыю з Берлінковым, прымусіўшы яго згадзіцца на нічыю.
Гардзевіч выйграў у Канішчыкера Д., правёўшага няправільную камбінацыю.
Тур 3. Цэнтральнай
сустрэчай была партыя чэмпіёна Масквы майстра Ліёзнава з чэмпіёнам БССР
майстрам Гардонам. У напружанай партыі абодва сапернікі ўхіліліся ад шаблонных
шляхоў развіцця. Пасля вострай гульні са шматлікімі пасткамі з абодвух бакоў
Ліёзнаў ахвяраваў шашку і прарваўся ў дамкі. Гардон вярнуў дзве шашкі і
фарсіраваў нічыю. Лёгка выйграў чэмпіён Ленінграда майстар Сокаў у Канішчыкера
Д. У складанай партыі Гардзевіч перайграў Грушэцкага і прымусіў яго здацца.
![]() |
| "Рабочий", 1936 год № 183 |
Тур 4. Майстар Сокаў трапіў у пройгрышнае становішча супраць Грушэцкага. Аднак апошні не знайшоў выйгрышу, і партыя закончылася ўнічыю. Майстар Ліёзнаў прыгожа выйграў у Маслянскага.
Тур 5. Майстар Сокаў
нанёс першае паражэнне Берлінкову, які дапусціў грубую памылку ў сярэдзіне
партыі. Майстар Ліёзнаў не здолеў знайсці выйгрыш супраць Красніцкага, і партыя
скончылася ўнічыю – гэта пятая нічыя Красніцкага. Пасля 5-га тура на першым
месцы Гардзевіч і Сокаў – па 4 ачкі з 5, далей Ліёзнаў і Гардон – па 3½ з 5,
Ракітніцкі – 3 з 4.
Тур 6. У цэнтры ўвагі
была сустрэча лідараў турніру майстра Сокава і Гардзевіча. Арыгінальна
разыграўшы дэбют Сокаў атрымаў пазіцыйную перавагу. Гардзевіч вымушаны быў
ахвяраваць шашку і праз некалькі хадоў здаўся. Цікава прайшла партыя Берлінкоў
– Ракітніцкі, дзе пасля кожнага хода здавалася, што выйграе то Берлінкоў, то
Ракітніцкі. Пасля шэрагу вострых момантаў партыя закончылася ўнічыю. Майстар
Ліёзнаў, разыграўшы дэбют «Гамбіт Кукуева», дапусціў памылку, пасля якой не
змог выратаваць партыю і здаўся Кобецу. У роўнай пазіцыі Красніцкі зрабіў грубы
прагляд і прайграў Маслянскаму.
Тур 7. Майстар Сокаў
выйграў у Маслянскага, дапусціўшага памылку ў мітэльшпілі. Партыя Розенблюм –
Грушэўскі адкладзена ў лепшым становішчы для апошняга. Майстар Гардон хутка
выйграў у Д. Канішчыкера.
Тур 8. Майстар Сокаў
выйграе партыю за партыяй, сёння ён нанёс першае паражэнне Ракітніцкаму.
Складаную партыю правёў Берлінкоў супраць Розенблюма. Для дасягнення выйгрышу
Берлінкоў ахвяраваў шашку, Розенблюм не вычарпаў усіх магчымасцей абароны і
прайграў.
Тур 9. Майстар Сокаў
выйграў у Рыжкова, страціўшы на абдумванне толькі 2 мінуты. Майстар Ліёзнаў
заблытаў Грушэцкага і прымусіў яго здацца. Напружана праходзіла партыя майстра
Гардона з Берлінковым. У Гардона была вялікая пазіцыйная перавага, аднак
Берлінкоў знайшоў адзіны шлях дасягнення нічыёй. Тонкай, далёка разлічанай
камбінацыяй Розенблюм ахвяраваў шашку, прарваўся ў дамкі і заставіў Гардзевіча
здацца.
Розенблюм – Гардзевіч
1. ba3 hg7 2. ab4! hg5 3. f:h6 ba5 4. de5 a:c3 5. ed6 c:e5 6. ed2 c:g3 7. h:d6 ab6 8. c:a7 e:c5 9. ab8 hg3 10. b:h2 cd4 11. hd6 gf6 12. db4 de3 13. ba5 fe7 14. ac3 ed6 15. c:h8 x
Пасля 9-га тура лідзіруе
Сокаў – 7½ з 8, потым ідуць Гардон – 5½ з 8, Гардзевіч, Берлінкоў і Ліёзнаў –
па 5.
Тур 10. Майстар Сокаў
выйграў чарговую партыю – у Розенблюма. Кобец прайграў Д. Канішчыкеру. Астатнія
партыі скончыліся ўнічыю.
Тур 11. Здзіўляючы
рэкорд паставілі шашысты. Усе партыі скончыліся ўнічыю.
Тур 12. Вельмі цікавай
была сустрэча чэмпіёна Ленінграда майстра Сокава і чэмпіёна Масквы майстра
Ліёзнава. Ленінградзец перайграў масквіча, і на 33-м ходзе Ліёзнаў здаўся.
Тур 13. Маслянскі
выйграў у Розенблюма, Красніцкі прайграў майстру Сокаву. Астатнія сустрэчы далі
нічыйныя вынікі.
Турнір упэўнена
выйграў Васіль Сокаў, які атрымаў дзесяць перамог і ажно на тры ачкі апярэдзіў
Ілью Гардона. Апошні ж чацвёрты раз запар стаў чэмпіёнам Беларусі. Другім стаў
Барыс Берлінкоў, трэцім – Дзяніс Гардзевіч.
![]() |
| "64. Шахматно-шашечная газета", 1936 год № 48 |
Табліца першынства не публікавалася, яе ўдалося аднавіць (за выключэннем двух вынікаў) па газетных публікацыях.
Упэўнена дэбютавалі ў чэмпіянатах Беларусі школьнікі Грушэцкі і Д. Канішчыкер (самы юны ўдзельнік турніру).
Сем партый першынства
з каментарамі Сокава і Храпуновіча можна знайсці тут.
VІІ чэмпіянат Беларусі, 6-18 снежня 1937 года, Мінск
Адбор у першынство
праходзіў па іншай сістэме, чым годам раней. Замест некалькіх куставых турніраў
з 28 кастрычніка па 5 лістапада ў Мінску быў праведзены адзін, яго выйграў
Ісаак Храпуновіч з Віцебска. Без адбору ў чэмпіянат дапусцілі майстра Ілью
Гардона і першакатэгорнікаў. Таксама ў першынство запрашалі трох моцных
майстроў: ленінградцаў Васіля Сокава і Льва Рама, а таксама пераможцу V першынства СССР
Барыса Бліндэра з Кіева. Прыехаў у Мінск, аднак, толькі Сокаў, які зноў гуляў
па-за конкурсам. Усяго ў чэмпіянаце ўдзельнічалі 12 чалавек.
Ужо ў першым туры
сустрэліся фаварыты – чэмпіён УЦСПС Сокаў і чэмпіён Беларусі Гардон. Партыя
скончылася ўнічыю.
Пасля 3-га тура з 2½
ачкамі лідзіраваў Храпуновіч, аднак потым ён прайграў дзве партыі запар –
Сокаву і Берману.
![]() |
| "Советская Белоруссия", 1937 год № 65 |
Пасля 7-га тура наперадзе ішоў Сокаў – 5½ ачкоў, на паўачка адставалі Гардон і Берлінкоў. Здавалася, што Сокаў атрымае чарговую перамогу, але Гардон выйграў пяць партый запар і за тур да фінішу выйшаў на першае месца, маючы 8 ачкоў. У Сокава і Берлінкова было па 7½.
У апошнім туры Ілья
Гардон зноў выйграў і ў шосты раз стаў чэмпіёнам Беларусі. З усіх яго перамог у
пяршынствах рэспублікі гэтая стала самай яркай, бо апярэдзіць Сокава ў тыя гады
атрымоўвалася рэдка ў каго – з кастрычніка 1935 года ён выйграў амаль усе
турніры, у якіх удзельнічаў.
Прызёрамі першынства Беларусі ў чарговы раз сталі Барыс Берлінкоў і Дзяніс Гардзевіч, набраўшыя па 7½ ачкоў.
![]() |
| "64. Шахматно-шашечная газета", 1937 год № 72 |
Пра вынікі астатніх удзельнікаў не паведамлялася, не публікавалася і табліца. Атрымалася ўзнавіць толькі яе частку.
Незразумела, хто такі Хазанаў і як ён трапіў у чэмпіянат Беларусі.
Ніводнай партыі
першынства пакуль не знойдзена.
VІІІ чэмпіянат Беларусі, 10-19 верасня 1938 года, Мінск
Паўфінал першынства
Беларусі (яго яшчэ называлі малым чэмпіянатам Беларусі) адбыўся ў ліпені ў
Мінску. 23 удзельнікі былі падзелены на дзве групы. Адразу пяці пераможцам
паўфіналу была прысвоена першая катэгорыя.
Фінал праходзіў у
Доме тэхнікі. Запрошаным майстрам гэтым разам быў Сяргей Пятроў з Масквы. Вось
што ён казаў у інтэрв’ю «Чырвонай змене» перад пачаткам першынства:
«Званне майстра вельмі пачэснае, але яно да многага
абавязвае. Буду старацца апраўдаць гэтае званне і ў даным турніры.
Не магу пры гэтым не адзначыць, што майстар Гардон
знаходзіцца ў параўнанні са мной у больш лёгкіх умовах, бо яму добра знаём
кожны ўдзельнік. Гэта, зразумела, аблягчае і выбар дэбюта, і далейшую ігру. Мне
здаецца, аднак, што абодвум нам прыдзецца нямала папрацаваць у гэтым турніры.
Што я магу абяцаць – гэта старацца па-баявому праводзіць кожную партыю,
унікаючы біча апошніх шашачных турніраў – "нічыйнай смерці"».
Забягаючы наперад,
адзначу, што «нічыйнай смерці» Пятрову пазбегнуць не ўдалося – 10 (!) з 11
партый ён звёў ўнічыю і ў лік прызёраў не трапіў.
![]() |
| "Чырвоная змена", 1938 год № 211 |
Увогуле, склад фіналу моцна абнавіўся, толькі 4 з 12 удзельнікаў гулялі ў мінулагоднім чэмпіянаце Беларусі – Гардон, Берлінкоў, Гардзевіч і Храпуновіч. Дадалося шмат маладых ігракоў.
Асаблівую цікавасць
выклікаў дэбют 17-гадовага першакурсніка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Саламона Борака, які ў студзені 1938
года стаў пераможцам першынства Савецкага Саюза сярод школьнікаў, апярэдзіўшы
будучага шматразовага чэмпіёна свету Ісера Купермана.
![]() |
| "64. Шахматно-шашечная газета", 1938 год № 3 |
Борак пачаў турнір упэўнена. А пасля перамогі ў пятым туры над шматразовым прызёрам чэмпіянатаў Беларусі Дзянісам Гардзевічам ён нават выйшаў у лідары чэмпіянату з 3½ ачкамі.
Гардзевіч – Борак, тур 5, 13 верасня
1. … ab6 2. ab2 dc5 3. de5 f:d4 4. c:e5 ab4! 5. fe3 fg7 6. cd2 ba3 7. bc3 ba5 8. ed6 c:e7 9. ed4 ed6 10. de3 dc5 11. d:b6 a:c7 12. ed4? cd6 13. de5 dc5 14. cb4 cd4 х
Поўнасцю
паглядзець гэтую партыю з падрабязнымі каментарамі Ільі Гардона, а таксама яшчэ
адну партыю першынства можна па спасылцы.
Другім ішоў
Гардон, у гуртку якога Борак і займаўся шашкамі. Але на фінішы турніру
лідарства захапіў ужо майстар. У апошнім туры здарылася кульмінацыя чэмпіянату:
сустрэліся настаўнік і вучань, які адставаў на адно ачко. Партыя завяршылася
ўнічыю. Ілья Гардон заваяваў свой сёмы тытул.
![]() |
| "64. Шахматно-шашечная газета" 1938 год, № 53 |
Борак стаў другім і атрымаў першы бал кандыдата ў майстры. Гэты разрад быў уведзены ў шашках толькі ў пачатку года, для яго прысваення трэба было набраць тры балы. Пасля турніру Гардон пісаў, што для Борака характэрна своеасаблівая, нават некалькі нядбайная гульня ў дэбюце, затое глыбокі разлік у мітэльшпілі, смеласць і вытрымка.
Газета «64» вынікі
чэмпіянату праілюстравала карыкатурай Юрыя Юзэпчука, на якой юны Борак экзаменуе
сваіх дарослых сапернікаў прама са школьнай лаўкі.
![]() |
| "64. Шахматно-шашечная газета", 1938 год № 52 |
Бронзавым прызёрам стаў яшчэ адзін дэбютант – малады віцебчанін Кабакоў, чэмпіён Беларусі сярод школьнікаў 1935 года. Чацвёртае месца заняў іншы прадстаўнік Віцебска – 16-гадовы Грушэцкі. Добра згуляў малады мінчанін Каплановіч, які таксама дэбютаваў у пяршынствах БССР. На фоне поспехаў моладзі паказальнымі сталі слабыя вынікі вопытных Берлінкова і Гардзевіча, якія з 1933 года амаль заўсёды траплялі ў тройку прызёраў чэмпіянатаў рэспублікі. У беларускіх шашках намячаліся перамены.
У тым ліку і пра гэта
пісаў Ілья Гардон у вялікім артыкуле пасля першынства.
![]() |
| "Чырвоная змена", 1938 год № 217 |
Варта яшчэ прывесці цікавую гісторыю, пра якую распавёў Веніямін Гарадзецкі ў сваёй кнізе «Рамантыка шашак»:
«У чэмпіянаце рэспублікі 1938 года Храпуновіч вырашыў
чаго б гэта ні каштавала перамагчы І. Гардона. Для гэтага было пушчана ў ход
вельмі тонкае даследаванне з "сакрэтнага арсенала". Незадоўга да сустрэчы мы з ім
усё старанна праверылі і вырашылі, што зброя цалкам прыдатна для гэтай важнай
сустрэчы. Я ў турніры не ўдзельнічаў і на тур, у якім мой сябар сустрэўся з
майстрам, спазніўся.
Якім жа было маё здзіўленне, калі я ўбачыў зусім разбітую
пазіцыю Храпуновіча!
Аказваецца, усё ішло добра, але ў адзін момант майстар
зрабіў ход, не прадугледжаны аналізам. Становішча Храпуновіча заставалася
вельмі добрым, але ён так засмуціўся, что фактычна прайграў без барацьбы.
Храпуновіч вельмі любіў шашкі, шмат працаваў над імі, меў
цікавыя аналізы, уяўляючыя несумненны інтарэс і для тэорыі і для практыкі. Але
ў яго гульні быў вялікі недахоп. Калі сапернік не трапляўся на яго
даследаванне, ён губляўся і ўжо не мог весці паўнакроўную барацьбу».
ІX
чэмпіянат Беларусі, 7-17 снежня 1939 года, Мінск
Першынство зноў
праходзіла ў Доме тэхнікі і сабрала 12 ігракоў. Трэці раз ў чэмпіянатах Беларусі
ўдзельнічаў Васіль Сокаў, які ў той час быў наймацнейшым шашыстам Савецкага Саюза. У 1938 годзе ленінградзец
упэўнена перамог у чэмпіянаце СССР і першынстве УЦСПС. Сокаў гуляў вельмі творча, знаходзіў новыя шляхі
нават у дасканала вывучаных варыянтах.
![]() |
| Васіль Сокаў |
Анансуючы чэмпіянат Беларусі, «Звязда» называла Сокава «непрабіваемым». Апошні раз ён прайграваў турнірную партыю ў першынстве Ленінграда 1936 года Казанскаму.
Канешне, Сокаў
памятаў пра свой няўдалы мінулы прыезд у Мінск, калі ў чэмпіянаце Беларусі 1937
года ён нечакана даў апярэдзіць сябе Ільі Гардону.
Сокаў моцна пачаў турнір, зрабіўшы ў першых пяці турах толькі адну
нічыю. З адным з бліжэйшых праследавальнікаў – Веніямінам Гарадзецкім – Сокаў сустракаўся ў шостым туры. І вынік
гэтай партыі здзівіў усіх – ленінградскі майстар прайграў упершыню за тры з
паловай гады.
Прыводжу гэтую партыю
з каментарамі Гарадзецкага па гарачых слядах ў газеце «64».
Гарадзецкі В. – Сокаў,
тур 6, 12 снежня
1. cb4 fg5 2. ba5 bc5 3. bc3 cb4 4. a:c5 d:b4 5. cd4 ba3 6. gf4 gf6 7. ab2 fg7 (У склаўшымся становішчы, мабыць, лепшае, бо на 7. … gh4 будзе 8. fg5, а на 7. … hg7 8. fg3 gh4 9. bc3, і
ў абодвух выпадках партыя белых пераважней. Гэты ход упершыню быў прыменены В. Сокавым
супраць Гардзевіча ў першынстве БССР 1936 г.) 8. fg3 gh4 9.
bc3 h:f2 10. e:g3 fg5 11. gh4 ab6 12. h:f6 g:g3 13. h:f4 hg7 14. gf2 gf6 15. fg3 ed6 16. gh4 de7 17. cb4? (Гэта прайграе. Трэба было гуляць 17. fg5 h:f4
18. e:g5 de5 19. gh6 ef4 20. hg5 f:h4 21. hg7, і калі 21. … ef6, то 22. g:g3 h:f2
23. de5 і г.д.) 17. … a:c5
18. cb2 hg5 19. f:h6 de5 20. dc3 cb4?
(Гэтым ходам чорныя не толькі выпускаюць выйгрыш, але і прайграюць партыю. Трэба было гуляць 20. … cd6 21. a:c7 cb4 22. c:a5 e:a1 23. c:g7 a:h8 і выйграюць).
21. hg7! b:f4
(Калі 21. … f:h8, то 22. d:d8 b:f4 23. bc3, і гульня зводзіцца да працягу, меўшага месца ў партыі)
22. bc3! f:h8 23. d:d8 fe3 24. cd4 e:c5 25. df6
Тут Сокаў прапанаваў нічыю, але Гарадзецкі знайшоў мужнасць яе адхіліць.
25. … cb4
26. a:c3 cd6 27. cb4 bc5 28. ba5 ba7 29. ab6! cb4 30. bc7 d:b8 31. hg5 ab6 32. gh6 bc5 33. hg7 cd4 34. f:a5 h:f6 35. ac3 fg5 36. cd2 gh4 37. df4 ba7 38. fc7 і Гарадзецкі выйграў.
![]() |
| Веніямін Гарадзецкі. НАРБ, ф.205, воп.4, спр.688 |
Як потым аказалася, Сокаў бачыў контрудар белых на 21-м ходзе, але не заўважыў далейшых манеўраў саперніка. Прычынай памылкі магла быць стомленасць. Партыя была другой за дзень, прычым пачыналася яна а сёмай гадзіне вечара. А напярэдадні Сокаў яшчэ прачытаў даклад і даў сеанс адначасовай гульні.
Газета
«64» на сенсацыйны вынік адгукнулася карыкатурай Юрыя Юзэпчука, а таксама вершам аўтара пад псеўданімам «Вс. Лоб.».
![]() |
| "64. Шахматно-шашечная газета", 1939 год № 72 |
Нягледзячы на гэта паражэнне, Сокаў упэўнена выйграў турнір. А Гарадзецкаму неспадзяваная перамога дазволіла заваяваць бронзу першынства рэспублікі. На фінішы ён апярэдзіў майстра Гардона, які пасля шасці запар перамог у чэмпіянатах Беларусі нават не трапіў у тройку лепшых. Толькі перадапошняе месца заняў прызёр мінулага першынства Борак.
![]() |
| "64. Шахматно-шашечная газета", 1940 год № 2 |
Першае месца ў чэмпіянаце Беларусі падзялілі маладыя Грушэцкі і Каплановіч, набраўшыя па 7 ачкоў. Пры гэтым апошні прайграў ажно тры партыі.
Спачатку чэмпіёнамі
былі аб’яўлены абодва, але потым Камітэтам па справах фізкультуры і спорту БССР
было прынята рашэнне правесці «залаты
матч».
Ён гуляўся з шасці партый. У выпадку нічыйнага сыходу былі запланаваны дзве дадатковыя партыі. Калі б і яны не выявілі пераможцу, то званне чэмпіёна Беларусі засталося б неразыграным.
Матч прайшоў з 30 сакавіка па 4 красавіка 1940 года ў Мінску ў памяшканні 32-й школы (вул. Камсамольская, 23). Галоўным суддзёй быў прызначаны майстар Ілья Гардон. У перадматчавым каментары «Звяздзе» ён ацэньваў шанцы бакоў як роўныя: «Калі Грушэцкі мае большы турнірны вопыт і большую тэарэтычную падрыхтоўку, то Каплановіч процістаўляе яму больш ініцыятыўную ігру, востры стыль і вынаходлівасць у цяжкіх пазіцыях».
Даволі ўпэўнена матч выйграў Віктар Грушэцкі, які стаў чацвёртым пасля братоў Ільі і Самуіла Гардонаў і земляка Барыса Берлінкова пераможцам чэмпіянатаў Беларусі ў 15-гадовай на той момант іх гісторыі.
![]() |
| "Звязда", 1940 год № 80 |
Захавалася адна з партый, імаверна, першая ці другая, дзе Каплановіч меў вялікія шанцы выйграць.
Грушэцкі – Каплановіч
1. … bc5 (мацней
1. … ef6) 2. d:b6 a:c5 3. cd4 ef6 4. d:b6 a:c7 5. ed4 cb6 6. ab4 de5 7. f:d6 de7 8. dc7 b:d8 9. bc5 dc7 10. dc3 fg5 11. cb4 gf4 12. ba5 ed6 13. c:e7 f:d6 14. ed2 de5 15. d:f6 hg3 16. fg7 gf2 17. gh8 fg1 і праз некалькі хадоў партыя скончылася ўнічыю.
Поўнасцю гэтую партыю
з каментарамі Веніяміна Гарадзецкага можна паглядзець тут.
Наступны
чэмпіянат Беларусі мусіў прайсці восенню 1940 года. Планавалася, што ўпершыню з
1925 года шашысты і шахматысты будуць гуляць паасобку. Шашачнае першынство
павінна было пачацца 12 лістапада ў Мінску, шахматнае – 16 лістапада ў
Беластоку. У шашачнае запрасілі двух майстроў, адзін з якіх – масквіч Абрам
Сідлін – ужо даў згоду. 3 лістапада «Советская Белоруссия» паведамляла, што ў
чэмпіянат дапушчаны пераможцы абласных і гарадскіх турніраў Грушэцкі,
Патапенка, Кабакоў (усе – Віцебск), Ідэльсон, Гарадзецкі, Бельскі, Каплановіч
(усе – Мінск), Красніцкі (Магілёў), Райхварг (РСЧА
– Рабоча-сялянская
Чырвоная армія), Кобец і Радашынскі (абодва – Гомель). Апошні – адзін з
наймацнейшых шашыстаў Польшчы. Персанальны допуск атрымаў майстар Ілья Гардон.
Першынство, аднак, у прызначаныя тэрміны не адбылося і прайшло толькі ў
наступным годзе.
X чэмпіянат Беларусі, 20 красавіка - 3 мая 1941 года,
Мінск
Першынство чакалася з цікавасцю. Няўдача майстра Гардона ў 1939 годзе – гэта разавы збой ці яго эпоха ўжо скончылася? Ці зможа абараніць чэмпіёнскі тытул Віктар Грушэцкі? Хто яшчэ са шматлікай моладзі будзе змагацца за медалі? Ці пацвердзіць свой прагрэс Веніямін Гарадзецкі, які падзяліў першае месца ў чэмпіянаце Мінска 1940 года, а ў студзені наступнага выйграў першы ў Беларусі бальны турнір (разыгрываліся балы кандыдата ў майстры)?
У турніры, які праходзіў у Інстытуце фізічнай культуры, гулялі 13 чалавек.
Упершыню за апошнія гады не было запрошаных майстроў з-за межаў рэспублікі. У
спісе ўдзельнікаў, які публікаваўся ў лістападзе 1940 года, адбыліся змены:
Кабакова, Каплановіча, Райхварга і Кобеца замянілі мінчане Гардзевіч і
Агародніцкі, Храпуновіч і Соркін з Віцебска, а таксама магіляўчанін Д.
Канішчыкер, які прадстаўляў Чырвоную армію.
У дзень пачатку першынства «Чырвоная змена» пісала, што пад пытаннем удзел дзеючага чэмпіёна Беларусі Грушэцкага, але
ён усё-такі змог згуляць. Галоўным суддзёй быў інспектар па шахматах і шашках
Рэспубліканскага спарткамітэта Далмат Кузьмінскі.
У першым жа туры адбылася сенсацыя. Майстар Гардон прайграў свайму вучню – 17-гадоваму Ізраілю Бельскаму.
Рэдкі
для практычнай гульні фінал з запіраннем трох шашак здарыўся ў партыі
Гарадзецкі – Храпуновіч.
1. fg5 fe5? (трэба было гуляць 1. … de5) 2. gh6 de7 3. cd2 ef4 4. bc5 d:b4 5. a:c3 fg3 6. cd4 cd6 7. dc3 ef6 8. hg7 bc7 9. g:e5 d:f4 10. de5 f:d6 11. cd4 hg7 12. ab8 і чорныя здаліся.
Ілья Гардон пацярпеў паражэнне і ў другім туры – катастрафічны пачатак
турніру для майстра. Тым больш, прайграў ён, трапіўшы ў простую пастку, якую
паставіў Гарадзецкі.
Гардон І. – Гарадзецкі
Вось што пазней успамінаў Веніямін Гарадзецкі пра гэтую партыю:
«Апошні мой ход gh6 таіў у сабе пастку.
Канешне, я быў далёкі ад думкі, што майстар можа трапіць у яе, але ў мяне быў
такі стыль гульні. У становішчы на дыяграме І. Гардон занурыўся ў доўгі роздум.
Прайшло 15, 20, 25 хвілін, паўгадзіны, а майстар усё думаў і думаў. Я хадзіў
вакол шашачнага століка і баяўся, як бы хто-небудзь не сказаў аб маёй пастцы
ўголас.
Нарэшце праз 35 хвілін майстар
працягнуў руку да шашкі f2. У мяне зайшлося сэрца: няўжо не бачыць? Можа быць, ён
робіць гэта спецыяльна, каб пасмяяцца нада мною – вось, маўляў, хлапчаня,
паставіў майстру дурную пастку і ходзіць, як кот вакол масла! Але ў гэты момант
мой сапернік запісаў на бланку ход і ўпэўнена пайшоў:
1. fg3?
Я, як каршун, кінуўся да дошкі.
Для выгляду пасядзеў некалькі імгненняў і адказаў:
1. … ed6!
Аказваецца, І. Гардон разлічваў
наступствы маіх хадоў 1. … fg5 ці 1. … fg7 з наступным 2. … ed6. Усё сыходзілася на карысць белых.
Партыя скончылася так:
2. g:g7 dc5 3. b:d6 c:a1 4. gh8 fg7, і белыя здаліся».
Трэцім быў згуляны апошні па ліку тур (і ў далейшым туры мянялі месцамі,
таму я буду ўказваць нумары тураў у парадку, якім яны гуляліся). У ім Грушэцкі белымі
перамог земляка Соркіна.
1. hg3 dc5? 2. de5! f:d4 3. gh4 de3 4. d:f4 cd4 5. hg5 dc3 6. gf6 ab2 7. c:a3 cd2 8. fg7 de1 9. gh8 ef2 10. he5 bc5 11. e:b8 fd4 12. ba7 і чорныя здаліся.
У чацвёртым туры сустрэліся лідары – Грушэцкі і Гарадзецкі. Партыя
працякала даволі спакойна і скончылася ўнічыю.
Гарадзецкі – Грушэцкі
1. gf4 ba5 2. cb4 a:c3 3. d:b4 fg5 4. ba5 gf6 5. bc3 dc5 6. ed4 c:e3 7. f:d2 fe5 8. de3 gf4 9. e:g5 h:f4 10. cd4 e:c3 11. ab4 cb2 12. a:c3 ed6
13. fg3 dc5 14. g:e5 c:a3 15. gf2 hg7 16. fg3 de7 17. ed2 gh6 18. ef6 e:g5 19. gh4 gf4 20. hg5 fe7 21. g:e3 ef6 22. hg3 cb6 23. a:c7 b:d6 24. gf4 ab6 і праз некалькі хадоў пагадзіліся на нічыю.
Грушэцкі выйграў дзве наступныя партыі і ў сярэдзіне турніру адарваўся ад канкурэнтаў на адно ачко. Але потым ён зрабіў шэсць нічыіх запар.
Праўда, і праследавальнікі Гарадзецкі, Ідэльсон і іншыя таксама гублялі ачкі.
Надта ўжо роўным быў склад удзельнікаў.
На чатыры туры раней за іншых згуляў свае партыі Канішчыкер, якому, відаць,
трэба было вяртацца ў армію. Ён набраў 7½
ачкоў з 12 магчымых.
У 10-м туры важную перамогу атрымаў чорнымі Агародніцкі над Гарадзецкім.
Гэты выйгрыш дазволіў яму ўвайсці ў групу лідараў.
1. ed2 fg5 2. cd4 ed6 3. d:b6 a:c5 4. dc3 gf6 5. hg3 fe5 6. ab2 cb6 7. a:c7 d:b6 8. cb4 ba5 9. bc3 ba7 10. ed4 c:e3 11. f:f6 g:e3 з перамогай.
Поўнасцю гэтыя партыі з каментарамі Агародніцкага і Гарадзецкага можна
паглядзець тут.
Перад апошнім турам лідзіравалі Грушэцкі і датэрмінова скончыўшы турнір
Канішчыкер – па 7½ ачкоў, Ідэльсон і
Агародніцкі – па 7, Гарадзецкі – 6½. Развязка атрымалася
фантастычнай: Гардон нарэшце падцвердзіў майстарскі ўзровень гульні і нанёс
першае паражэнне Грушэцкаму, выйграў Гарадзецкі, а Ідэльсон і Агародніцкі
згулялі паміж сабой унічыю. Такім чынам, першае месца падзялілі пяць чалавек!
![]() |
| "64. Шахматно-шашечная газета", 1941 год № 21 |
Веніямін Гарадзецкі для маскоўскай газеты «64» напісаў артыкул «Перамога моладзі», у якім падвёў вынікі першынства і прывёў некалькі цікавых дэбютных схем, ужытых удзельнікамі.
![]() |
| "64. Шахматно-шашечная газета", 1941 год № 21 |
Сваё меркаванне пра прайшоўшы чэмпіянат апублікаваў старшыня шахматна-шашачнай секцыі Беларусі І. Фрыдлянд.
![]() |
| "Чырвоная змена", 1941 год № 55 |
Асноўнай прычынай чарговай няўдачы Гардона ён лічыў недастатковую фізічную падрыхтаванасць. Але горыч ад выступлення майстру згладзілі добрыя вынікі яго вучняў у шашачным гуртку Мінскага палаца піянераў – Ідэльсона, Агародніцкага і Бельскага.
Для вызначэння чэмпіёна Беларусі планавалася правесці дадатковы
матч-турнір, але праз паўтара месяца пачалася Вялікая
Айчынная вайна.
І так склаўся лёс, што ніхто з пяцёркі, якая павінна была ў ім згуляць, пасля
яе ў рэспубліку ўжо не вярнуўся – Ідэльсон, Агародніцкі і Д. Канішчыкер
загінулі, В. Гарадзецкі і Грушэцкі пасля вайны засталіся жыць у РСФСР.






























Комментарии
Отправить комментарий