Новае пра Ілью Гардона

У мінулым годзе я пісаў пра першага чэмпіёна Беларусі па шашках Ілью Сямёнавіча Гардона. Знойдзеныя нядаўна ў Нацыянальным архіве дзве справы студэнта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Гардона дазволілі значна дапоўніць яго біяграфію.



Стала вядома, што ў 1922 годзе Гардон скончыў поўны курс былой школы 2-й ступені пры адзінай працоўнай школе № 4 горада Мінска. Матэматыку ў школе з 1920 года выкладаў Аляксандр Круталевіч, які, відавочна, і зацікавіў юнака шашкамі. У гэтай школе вучыўся і малодшы брат Ільі Гардона Самуіл, які пасля таксама стаў майстрам па шашках. 

4-я школа – гэта былая прыватная гімназія Зубакіна і Фальковіча. З 1921 года яна размяшчалася ў будынку па вул. Савецкай, 95. Ад Траецкага прадмесця, дзе Гардоны жылі па адрасе: вул. Аляксандраўская, д. 3, кв. 3 (цяпер гэта вуліца Максіма Багдановіча), недалёка – хвілін 15 пешшу праз Свіслач.

У 1921 годзе Гардон нейкі час працаваў рахункаводам на 1-й дзяржаўнай тытунёва-папяросна-гільзавай фабрыцы. Быў звольнены па скарачэнні штатаў.

Восенню 1922 года Гардон паступіў на фізіка-матэматычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ, здаўшы поўны калоквіум. Спецыяльнасць ён абраў, імаверна, пад уплывам таго ж Аляксандра Круталевіча.

Знайшлася заява Гардона ад 23 жніўня 1922 года з просьбай дапусціць да прыёмных іспытаў.



У студзені 1924 года Гардон пісаў заяву з просьбай вызваліць яго ад платы за навучанне, бо не мае ніякіх сродкаў.

Да заявы ён прыклаў дзве даведкі. Першую яго маці Розе Гардон выдаў саюз гарбароў. У другой таварыства мінскіх зубных лекараў пацвярджала, што бацька Гардон С.С. не ў стане плаціць за навучанне сына, і хадайнічала аб вызваленні ад платы.

У маі 1924 года Гардон згубіў студэнцкае пасведчанне асобы, выдадзенае БДУ. Аб гэтым ён размясціў аб’яву ў газеце «Савецкая Беларусь» і паведаміў у міліцыю.

Правучыўся ва ўніверсітэце Гардон нядоўга. Спачатку ён быў пакінуты на другі год на першым курсе, а 29 чэрвеня 1924 года адлічаны згодна з рашэннем цэнтральнай камісіі па праверцы якаснага складу студэнтаў.

За нядоўгі час навучання Гардон паспеў здаць толькі шэсць залікаў, па большасці з якіх атрымаў здавальняюча. Адзіная адзнака «Добра» ў яго была па беларускай мове. Цікава, што паставіў яе славуты паэт і пісьменнік Якуб Колас (Канстанцін Міцкевіч), хаця па запісе ў лекцыйнай кніжцы відаць, што залік павінен быў прымаць Язэп Лёсік.



У жніўні 1925 года Гардон напісаў заяву з просьбай зноў залічыць яго на першы курс фізіка-матэматычнага аддзялення педфака БДУ. Мяркуючы па ўсім, у гэтым яму было адмоўлена.

У адной з архіўных спраў ёсць копія выпіскі з метрычнага пасведчання Ільі Гардона. Пацвердзілася, што нарадзіўся ён 5 чэрвеня (18 чэрвеня па новым стылі) 1904 года ў Мінску. Маці – Гіта-Рася Шымон-Лейбаўна, бацька – свянцянскі мешчанін Шымон Шлёма-Залманаў Гардон. Цяпер Свянцяны (Швянчоніс) – горад ў Літве, за 6 км ад граніцы з Беларуссю. Пазней бацькі змянілі імёны на Роза і Сямён.



У анкетах, якія запаўняў Гардон падчас навучання ў БДУ, ёсць інфармацыя і пра яго бацькоў. Маці з 1909 па 1923 год працавала ў «Епо» ці «Еко» (у справе неразборліва). На пачатак 1924 года была беспрацоўнай, уваходзіла ў прафсаюз гарбароў.

Пра бацьку Ілья Гардон пісаў, што той бесперапынна з 1894-га па 1922 год служыў рахункаводам на тытунёвай фабрыцы Гінзбурга, з 1906 года быў членам бюро нелегальнага саюза тытуннікаў. Пасля стаў працаваць зубным лекарам. Цікавая змена прафесіі, ці не праўда? Насамрэч, зубным лекарам бацька працаваў і да рэвалюцыі, бо ў згаданай вышэй выпісцы з метрычнага пасведчання, якая бралася ў красавіку 1912 года, ён названы «дентистом».

 

Крыніца: НАРБ, ф. 205, воп. 3, спр. 2031, 2032.

Комментарии

Популярные сообщения из этого блога

Чэмпіянат Беларусі па шашках 1928 года

Даваенныя жаночыя чэмпіянаты Беларусі па шашках

Ілья Гардон: першы чэмпіён, першы трэнер