Даваенныя чэмпіянаты Беларусі па шашках сярод мужчын. Частка 1

Адзіным, хто публікаваў спісы чэмпіянатаў Беларусі сярод мужчын і іх пераможцаў, быў Аркадзь Ракітніцкі. Рабіў ён гэта тройчы. Першы раз – у кнізе «Шашкі і камбінацыі» (1976), спіс уключаў 16 даваенных пяршынстваў. У кнігах «Шашечные партии белорусских мастеров» (1983) і «Дарагія аматары шашак» (1993) спісы супадаюць, аднак такіх чэмпіянатаў ужо 14.


Насамрэч, да пачатку Вялікай Айчыннай вайны было праведзена 10 пяршынстваў Беларусі. Ёсць памылкі і ў спісе чэмпіёнаў. Напрыклад, пераможцам першынства 1932 года быў Ілья Гардон, а не Маісей Школьнік. Прычым Ракітніцкі сам гуляў у тым чэмпіянаце. Ёсць у яго і іншыя недакладнасці. Карэктны спіс чэмпіёнаў Беларусі ў даваенны перыяд будзе прыведзены ў канцы артыкула.

Трэба адзначыць, што блытаніна з колькасцю і нумарацыяй шашачных чэмпіянатаў Беларусі была і ў даваеннай прэсе: першынство 1933 года называлася шостым па ліку, хаця было чацвёртым, 1934 года – сёмым, а было пятым і г.д. Справа ў тым, што з 1928 года (і да 1950-х гадоў) чэмпіянаты праводзіліся разам з шахматнымі і называліся Усебеларускімі шахматна-шашачнымі пяршынствамі (спаборніцтвамі, турнірамі). Нумараваць іх сталі па шахматных чэмпіянатах, якіх да 1928 года адбылося на два больш (у 1924 і 1926 гадах), чым шашачных. Адсюль і пайшла недакладная нумарацыя апошніх.

У гэтым матэрыяле падагуліў знойдзеную пра даваенныя мужчынскія пяршынствы Беларусі інфармацыю. У першай частцы расповед пра чэмпіянаты пад парадкавымі нумарамі І-V.

 

Спроба правесці першы чэмпіянат Беларусі сярод мужчын рабілася ў кастрычніку 1924 года. Аляксандр Круталевіч, першы кіраўнік беларускіх шашак, па вяртанні з першынства Савецкага Саюза напісаў у рэдагуемым ім аддзеле ў газеце «Савецкая Беларусь» пра жаданне шахматна-шашачнай секцыі пры Вышэйшым савеце фізічнай культуры БССР (далей – ВСФКБ) арганізаваць чэмпіянат да канца года. Зрабіць гэта аднак удалося толькі ў годзе наступным.

 

І чэмпіянат Беларусі, 20-27 чэрвеня 1925 года, Мінск

Чэмпіянат адбыўся ў рамках ІІ Усебеларускага шахматна-шашачнага з’езда. У першынство планавалася дапусціць 6-8 чалавек ад Мінска, па два – ад Бабруйска і Віцебска, па адным – ад астатніх сямі акругаў рэспублікі. Заявы на ўдзел, падмацаваныя шашачнай аўтабіяграфіяй і сваімі партыямі ці творамі (задачамі, эцюдамі і г.д.), трэба было накіраваць у шахматна-шашачную секцыю Беларусі да 1 чэрвеня.

Вялікі адборачны турнір правялі ў Мінску: 48 ігракоў былі падзелены на 6 груп, па 2 пераможцы кожнай з іх выходзілі ў фінал. Планавалася, што там да іх далучацца ўдзельнікі першага чэмпіянату СССР (ён адбыўся ў 1924 годзе) браты Круталевічы, але гэтага не адбылося. Барыс, першы беларускі майстар, які быў яўным фаварытам першынства, увогуле не прыняў у ім удзелу. Маючы слабае здароўе, ён, відаць, вырашыў ашчадзіць сілы на другі чэмпіянат СССР, які пачынаўся ўжо ў жніўні. Аляксандр Круталевіч быў дапушчаны ў першынство Беларусі наўпрост.

Аляксандр Круталевіч

18 удзельнікаў сабраў гарадскі турнір у Бабруйску. У ім гулялі мацнейшыя мясцовыя шашысты: Гордзін, Гарэлік, Казючыц, Гіршэнгорн.

Недарэмна два месцы было выдзелена Віцебску, там хапала добрых ігракоў: Леў Рам, А. Рыжкоў, браты Струціеўскія і іншыя. Але нікога з іх у Мінск не адправілі. Не камандзіравалі сваіх прадстаўнікоў на першынство і іншыя акругі. З-за гэтага ў ім згуляла больш мінчан, чым планавалася. 

ІІ Усебеларускі шахматна-шашачны з’езд адкрыўся 20 чэрвеня 1925 года а шостай вечара ў цэнтральным рабочым клубе Мінска «Чырвоны прафінтэрн». Ён размяшчаўся ў будынку Дома працы, які захаваўся да нашага часу (цяперашні адрас: плошча Свабоды, 23). Пры клубе працаваў шахматна-шашачны гурток, рэгулярна праводзіліся турніры і сеансы адначасовай гульні.

20 чэрвеня адбыліся і першыя гульні шашачнага чэмпіянату, які сабраў 12 удзельнікаў: бабруйчан Якава Гордзіна і В. Казючыца, а таксама мінчан А. Бермана, Ілью Гардона, Самуіла Гардона, Вадзіма Касперскага, Аляксандра Круталевіча, А. Курдзіна, Г. Прэсмана, Я. Фельдмана, Хейфеца, А. Юршчыка.

Пра ход турніру прэса амаль не пісала, дала толькі кароткія вынікі. Вядома, што пасля няўдалага старту з яго выбылі Круталевіч, Юршчык і Хейфец. Упэўненую перамогу атрымаў Ілья Гардон, які набраў 6½ ачкоў з 8. Ён быў адзіным, хто не прайграў ніводнай партыі. Табліцу першынства апублікаваў ленінградскі часопіс «Резец».

"Резец", 1925 год № 29

Ён жа прывёў і адну з партый чэмпіянату.

Берман – Гардон І., тур 3, 22 чэрвеня

1. cb4 bc5 2. bc3 fg5 3. ba5 gh4 4. ab2 gf6 5. cd4 fg7 6. d:b6 a:c5 7. gf4 ba7 8. fg5 h:f4 9. e:g5 gh6 10. bc3 h:f4 11. fg3 h:f2 12. e:g7 h:f6 13. cb4 cd4 14. de3? d:f2 15. g:e3


15. … ab6 16. cd2 bc5 17. dc3 fe5 18. hg3 ef6 19. gh4 de7 20. ef4 e:g3 21. h:f2 fe5 22. fe3 ef6 23. ef4 e:g3 24. cd4 c:e3 25. bc5 d:b4 26. a:c5 ef2 x

Іншых партый знайсці пакуль не атрымалася.

У дзень заканчэння чэмпіянату пераможцу кінуў выклік Аляксандр Круталевіч. Матч з дзесяці партый з лікам +6 –4 выйграў Ілья Гардон. Гэтая перамога дала яму званне іграка першай катэгорыі СССР.

 

ІІ першынство Беларусі мусіла адбыцца ў наступным годзе. У 1925/1926 бюджэтным годзе (з 1 кастрычніка па 30 верасня) у каштарыс Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР (далей – ЦВК БССР) заклалі 450 рублёў на ўтрыманне ўдзельнікаў і 500 рублёў на прызы пераможцам чатырох турніраў у рамках Усебеларускага шахматна-шашачнага з’езда. Пазней у сувязі з уведзеным у СССР рэжымам эканоміі праграму з’езда скарацілі і правялі толькі першынство Беларусі па шахматах.

Падрабязны і маштабны каштарыс склалі ў 1926/1927 бюджэтным годзе. У рамках Усебеларускага з’езда планавалі правесці чатыры турніры: чэмпіянаты рэспублікі і камандныя турніры гарадоў па шахматах і шашках. Акрамя прыёму ўдзельнікаў, у каштарыс унеслі расходы на памятныя жэтоны і ганарары тром запрошаным кваліфікаваным майстрам СССР, па 150 рублёў кожнаму (месячны аклад намесніка старшыні ВСФКБ у чэрвені 1926 года складаў 117,25 рублёў). Агульная сума плануемых расходаў склала 2 411,50 рублёў, аднак грошай не выдзелілі і з’езд не адбыўся.

У тлумачальнай запісцы да раздзела «З’езды і нарады» каштарыса ЦВК БССР па ВСФКБ на 1927/1928 бюджэтны год намеснік старшыні савета Леў пісаў, што выдаткі па гэтым артыкуле павялічаны ў тым ліку з-за таго, што ўжо два гады не адбывалася Усебеларускіх шахматна-шашачных турніраў. Каштарыс на іх правядзенне быў практычна такім жа, як у папярэднім годзе, толькі сума павялічылася да 2 780,50 капеек за кошт росту расходаў на пражыванне ўдзельнікаў. Але ж у чарнавіку каштарыса ўвесь раздзел «З’езды і нарады» быў перакрэслены алоўкам.

Выдаткі на правядзенне IV Усебеларускага шахматна-шашачнага з’езда, у рамках якога ў верасні 1928 года ў Мінску павінны былі прайсці другі чэмпіянат рэспублікі па шашках і шэраг шахматных турніраў, удалося ўключыць у фінансавы каштарыс ЦВК БССР (сярод іншых сродкаў на дзейнасць ВСФКБ) толькі на 1928/1929 бюджэтны год. Аднак замест 3 000 рублёў, якія прасіў ВСФКБ, выдзелілі толькі 1 400.

Пасля атрымання гэтай інфармацыі прэзідыум ВСФКБ на пасяджэнні 7 верасня вырашыў перанесці пачатак з’езда на 6 кастрычніка 1928 года і прасіць Савет Народных Камісараў БССР (далей – СНК БССР) аб выдзяленні датацыі ў суме 2 000 рублёў. Таксама акруговым саветам фізкультуры было дадзена ўказанне аб камандзіраванні ўдзельнікаў на з’езд і вырашана прасіць Цэнтральны савет прафейных саюзаў Беларусі (далей – ЦСПСБ) даць такое ж указанне сваім акруговым структурам (цікава, што ВСФКБ і ЦСПСБ тады узначальваў адзін і той жа чалавек – Іван Рыжоў). Магчыма, СНК БССР просьбу аб выдзяленні датацыі перанакіраваў менавіта ў ЦСПСБ, бо, як пісала газета «Савецкая Беларусь», яго прэзідыум 4 кастрычніка «пастанавіў утрыманьне дэлегатаў на ўвесь час зьезду прыняць за кошт адпаведнага саюзу». Прыезджыя размяшчаліся ў гасцініцы «Эўропа» на плошчы Свабоды.

 

ІІ чэмпіянат Беларусі, 7-19 кастрычніка 1928 года, Мінск

Урачыстае адкрыццё IV Усебеларускага шахматна-шашачнага з’езда адбылося 6 кастрычніка а 18-й гадзіне ў клубе імя Карла Маркса. ІІ першынство Беларусі па шашках пачалося на наступны дзень, 7 кастрычніка, у клубе саўгандальслужачых.

Планавалася, што будзе 30 удзельнікаў, у тым ліку пяць майстроў: пераможца першага чэмпіянату рэспублікі Ілья Гардон (Мінск), Барыс Міроцін (Гомель), ураджэнец Быхава Давід Гінзбург (Масква), а таксама ленінградцы Самуіл Гардон і Леў Рам, якія шашкамі пачыналі займацца ў Мінску і Віцебску адпаведна.

Самуіл Гардон і Леў Рам. "Советский экран", 1928 год № 25

Агучвалася, што калі б хтосьці апярэдзіў усіх пяцярых майстроў і перамог у турніры, то атрымаў бы званне майстра.

Аднак 7 кастрычніка старт у першынстве прынялі толькі 22 ігракі, з якіх майстроў было трое. Не прыехалі ў Мінск Гінзбург, а таксама прадстаўнікі Мазырскай акругі, Оршы і Гомеля, у тым ліку майстар Міроцін, які прэтэндаваў на чэмпіёнства. За высокія месцы пазмагаліся б і гамяльчане Рудзін з Агранавым.

Нядбайныя адносіны Гомельскага акруговага СФК, які не выдзеліў грошы на камандзіраванне шашыстаў і шахматыстаў у Мінск, сталі прадметам асобнага разбіральніцтва з боку ВСФКБ, які праз некалькі месяцаў вынес рэзалюцыю па гэтым пытанні.

Не дачакаўся чэмпіянату першы беларускі майстар Барыс Круталевіч, які памёр у лютым 1928 года. Не згуляў у турніры і яго старэйшы брат Аляксандр. Таксама трэба адзначыць адсутнасць прызёра першага першынства Беларусі Прэсмана, які незадоўга да пачатку турніру пераехаў у Ленінград.

Але і без недаехаўшых ігракоў геаграфія ўдзельнікаў, у адрозненне ад першага чэмпіянату, была дастаткова шырокай: Бабруйск, Барысаў, Віцебск, Полацк, Мінск і Ленінград. З 9 удзельнікаў першынства 1925 года гулялі 5: браты Гардоны, В. Касперскі, Берман і Гордзін.

Гардон-малодшы і Рам спазніліся і свае першыя партыі правялі 8 кастрычніка.

Самуіл Гардон адразу перамог Элью, які дагэтуль ішоў без паражэнняў. Рам жа прыгожай і дакладнай гульнёй выйграў партыю, якая, здавалася, павінна была завяршыцца ўнічыю.

У сярэдзіне чэмпіянату наперадзе ішлі тры майстры і рабочы-металіст Мордух ЭльяНекалькі тураў першынства прайшло на буйных заводах горада – «Энергія», «Бальшавік» і інш. Так зрабіць палічыў мэтазгодным прэзідыум ВСФКБ, які абмяркоўваў ход турніраў з’езда на сваім пасяджэнні 10 кастрычніка.

Чэмпіянат закончыўся ўпэўненнай перамогай Самуіла Гардона, які набраў 19 ачкоў з 21 і на тры пункты апярэдзіў Рама і старэйшага брата. У шасцёрку мацнейшых трапілі маладыя мінчане Элья і Вакштэйн, а таксама Маісей Школьнік з Барысава. Няўдала згуляў прызёр першага першынства Беларусі Вадзім Касперскі, які падзяліў 17-е месца (магчыма, ён выбыў па ходу турніру).

"Зьвязда", 1928 год № 244

Аркадзь Ракітніцкі ў кнізе «Шашки в БССР» піша, што ленінградскія майстры гулялі па-за конкурсам, і званне чэмпіёна рэспублікі ў другі раз заваяваў Ілья Гардон. І ва ўсіх спісах чэмпіёнаў Беларусі, якія Ракітніцкі прыводзіў у сваіх пазнейшых кнігах, пазначана, што першынство 1928 года выйграў Гардон-старэйшы.

Як аказалася, гэта не так: пасля вывучэння крыніц з упэўненасцю можна казаць, што пераможцам другога чэмпіянату БССР стаў Самуіл Гардон, які быў паўнавартасным удзельнікам турніру (як і Леў Рам). «Зьвязда» паведамляла, што як пераможца ён атрымаў спецыяльны прыз ад Аляксандра Круталевіча – першы шашачны падручнік Пятрова, выдадзены ў 1828 годзе. Чэмпіёнам Беларусі Самуіла Гардона называлі таксама ў «Савецкай Беларусі», «Чырвонай зьмене», часопісе «64. Шахматы и шашки в рабочем клубе», а таксама ў зборніку партый трэцяга першынства СССР, які выйшаў у 1929 годзе.

Лічыць, што Ілья Гардон выйграў гэтае першынство і такім чынам быў бяссменным чэмпіёнам Беларусі з 1925 года, сталі з сярэдзіны 1930-х гадоў (прычым з падачы самога Гардона). Тады ў многіх пяршынствах рэспублікі па-за конкурсам гулялі запрошаныя майстры, і заднім чыслом сталі лічыць, што Самуіл Гардон і Леў Рам у 1928 годзе таксама прымалі ўдзел па-за конкурсам, што было не так.

Пераможцы першынства атрымалі жэтоны, але са спазненнем. У снежні газета «Зьвязда» паведамляла, што «жатоны пераможцам зьезду ўжо атрыманы з Ленінграду і ў бліжэйшыя дні будуць высланы ў акругі. Жатоны выкананы высока мастацкі, надпіс на жатонах – на беларускай мове».

Калекцыя.by

Таксама на закрыцці асабліва адзначылі 30-гадовы творчы юбілей вядомага шашачнага кампазітара Якава Гордзіна, прэзідыум ВСФКБ пастанавіў выдаць яму асабісты жэтон.

Ход і вынікі чэмпіянату на старонках часопіса «64. Шахматы и шашки в рабочем клубе» падсумаваў Ілья Гардон, таксама ён даў характарыстыку гульні некаторых удзельнікаў.

"64. Шахматы и шашки в рабочем клубе", 1929 год № 1

Некалькі фрагментаў партый першынства.

Берман – Гардон І.


1. fe3? ef6 2. gf2 f:d4 3. hg3 hg5! 4. gf4 gh6! 5. dc3 cb6 6. c:e5 hg7 7. cd2 ba5 8. ba3 gf6 9. e:g7 h:f8 10. f:h6 fg7 11. h:b4 a:g3 х

Рам – Ходыраў


1. bc3 hg7? 2. fg5! cd4 3. g:e7 d:b2 4. ed2 f:d6 5. dc3 b:d4 6. fg3 h:f2 7. g:e7 х

Усе знойдзеныя партыі чэмпіянату можна паглядзець тут. Першыя тры – з каментарамі Ільі Гардона.

 

Наступнае першынство Беларусі планавалі пачаць 5 мая 1930 года ў Мінску ў праграме V Усебеларускага шахматна-шашачнага з’езда. Пасля яго перанеслі ў Віцебск: спачатку на 6 чэрвеня, пасля на жнівень-верасень. Аднак і ў гэтыя тэрміны з’езд не адбыўся, прайшоў ён толькі праз два гады.

8 снежня 1930 года (відаць, артыкул планаваўся да друку ў лістападзе, але выйшаў пазней) «Чырвоная зьмена» пісала, што першынство Беларусі пачынаецца 1 снежня ў мінскім клубе будаўнікоў, праводзіць яго будуць сумесна ЦСПСБ і ВСФКБ з мэтай выяўлення ўдзельнікаў чэмпіянату СССР, які пачнецца 10 снежня ў Маскве. Аднак ні ў наступных нумарах «Чырвонай зьмены», ні ў іншых мінскіх і рэгіянальных газетах ніякіх сведчанняў таго, что першынство Беларусі адбылося, не знайшлося. Мяркую, яго ў апошні момант адмянілі. Рэспубліку ж у чэмпіянаце Савецкага Саюза прадставілі майстар Ілья Гардон і два мінскія ўдарнікі, прэміраваныя за лепшае выкананне прамфінплана, – Элья (завод «Энергія») і Шумахер (абутковая фабрыка).   

 

ІІІ чэмпіянат Беларусі, 25 ліпеня ? жніўня 1932 года, Мінск

Не абыйшлося без пераносу Усебеларускага шахматна-шашачнага з’езда і ў 1932 годзе. Спачатку пачатак яго працы планаваўся на 25 сакавіка, аднак быў адкладзены з-за… веснавой сяўбы. У выніку з’езд, а ў яго рамках і ІІІ шашачны чэмпіянат рэспублікі, пачаўся 25 ліпеня на Усебеларускім стадыёне імя 10-годдзя вызвалення БССР ад белапалякаў (знаходзіўся ў раёне Палаца воднага спорту на вул. Сурганава, не захаваўся).

Першынство прайшло па новай сістэме. На папярэднім этапе 19 удзельнікаў былі падзелены на тры групы, у якіх згулялі па кругавой сістэме. Па тры пераможцы кожнай групы выходзілі ў фінал (пры дзеляжы выходзячага месца ў першай і другой групах у разлік браўся каэфіцыент Бергера).



"Чырвоная Беларусь", 1932 год № 16

Дэбютавалі ў чэмпіянатах Беларусі і адразу трапілі ў фінал Барыс Берлінкоў, Дзяніс Гардзевіч і Аркадзь Ракітніцкі, якія пасля доўга і паспяхова гулялі ў іх, станавіліся пераможцамі. Таксама першым гэты чэмпіянат стаў для будучых яго прызёраў віцебчан Ісаака Храпуновіча і Зіновія Зісерсона. Былы чэмпіён Оршы Розенблюм за тыдзень да пачатку першынства Беларусі выйграў чэмпіянат Мінска, дзе вучыўся ў Фінансава-эканамічным інстытуце. Гарадзецкі з Бабруйска – гэта не будучы гросмайстар Веніямін (ён пачне гуляць у пяршынствах рэспублікі пазней), а яго старэйшы брат Натан. Палачанін Георгій Іваноў у 1950-х гадах стане першым шашачным настаўнікам 4-разовага чэмпіёна СССР Аркадзя Плакхіна. Трэцім і апошнім гэты чэмпіянат стаў для 56-гадовага Якава Гордзіна.

Турнірны камітэт Усебеларускіх спаборніцтваў. "Шахматы в СССР", 1932 год № 16

Акрамя трох пераможцаў кожнай групы, у фінал па нейкай прычыне ўключылі Іванова. Да іх далучыўся сярэбраны прызёр чэмпіянату СССР 1930 года майстар Ігар Цімкоўскі з Масквы, які гуляў па-за конкурсам. Ён упэўнена і выйграў турнір, нечакана прайграўшы аднак Берлінкову, якому гэтая перамога дапамагла апярэдзіць Зісерсона і заняць трэцяе месца ў дэбютным чэмпіянаце Беларусі. Другім стаў барысаўчанін Маісей Школьнік. А званне чэмпіёна вярнуў сабе майстар Ілья Гардон.

"Чырвоная Беларусь", 1932 год № 19

* У табліцы няправільна палічаны ачкі Зісерсона (павінна быць 5½) і Гардзевіча (4).

Пакуль знойдзена толькі адна партыя гэтага першынства.

Цімкоўскі – Пеўзнер

1. ab4 bc5 2. ba5 fg5 3. gf4 gf6 4. cd4 gh4 5. d:b6 a:c5 6. bc3 cb4 7. cd4 ba3 8. fg5 h:f4 9. e:g5 de5 10. dc3 ba7 11. ab2


11. … cd6? 12. fg3 h:f2 13. g:e3 f:h4 14. d:f6 e:g5 15. hg3 x

У канцы года ўдзельнікі чэмпіянату былі кваліфікаваны Вышэйшай кваліфікацыйнай камісіяй пры выканаўчым бюро шахматна-шашачнага сектара ВСФКБ. Першую ўсесаюзную катэгорыю атрымалі ці пацвердзілі Школьнік, Берлінкоў, Зісерсон, Гардзевіч, Розенблюм, Пеўзнер (Гомель), Ракітніцкі, Храпуновіч; другую – Іваноў, Эзрохін, Хацяновіч, Лабоўскі, Гарадзецкі; трэцюю – Гордзін, Пеўзнер (Магілёў), Шэрбер, Плаўнік. Нагадаю, што разрад «Кандыдат у майстры спорту» быў уведзены ў шашках у 1938 годзе. Да гэтага за майстрам адразу ішла першая катэгорыя.

 

Пасля 1932 года чэмпіянаты Беларусі сталі праводзіцца кожны год (за невялікімі выключэннямі).

 

ІV чэмпіянат Беларусі, 30 верасня – 8 кастрычніка 1933 года, Мінск

У гэтым першынстве вырашылі вярнуцца да кругавой сістэмы. Адмовіліся і ад адбору – для падняцця спартыўнай зацікаўленасці да спаборніцтваў і павышэння спартыўнай тэхнікі ўдзельнікаў у чэмпіянат дапусцілі выключна майстроў і ігракоў першай усесаюзнай катэгорыі. Згодна з рашэннем выканаўчага бюро шахматна-шашачнага сектара ВСФКБ у спіс удзельнікаў былі ўключаны майстар Ілья Гардон і першакатэгорнікі з Мінска, Віцебска, Горак. Таксама запрасілі двух майстроў, якія гулялі па-за конкурсам, – масквіча Барыса Міроціна і ленінградца Пятрова.

Ураджэнец Гомеля, адзін з першых савецкіх майстроў Міроцін з трэцяй спробы згуляў-такі ў чэмпіянаце Беларусі. Ён быў сярод запрошаных персанальна ў першынство 1926 года, якое адмянілі за тры тыдні да пачатку. А пра няўдзел Міроціна ў чэмпіянаце 1928 года з-за адсутнасці фінансавання напісана вышэй.

Перад пачаткам першынства на старонках газеты «Рабочий» была дадзена кароткая характарыстыка кожнаму беларускаму ўдзельніку. Майстар Гардон – пераможца шэрагу беларускіх спаборніцтваў, выдатны знаўца тэорыі. Берман – пераможца першынства Мінска 1932 г. (вышэй за майстра Гардона). Берлінкоў – пераможца некалькіх віцебскіх спаборніцтваў, выдатна ведае тэорыю гульні. Гардзевіч – малады, падрыхтаваны ігрок. Студэнт Горацкага інстытута Школьнік – малады ўдзельнік шэрагу ўсебеларускіх спаборніцтваў.

"64. Шахматно-шашечная газета", 1935 год № 10

Ліхадзіеўскі – старэйшы ўдзельнік усебеларускіх спаборніцтваў. Маладыя ігракі Ракітніцкі і Малецкі падаюць вялікія надзеі. В. Касперскі – ігрок крэпкага пазіцыйнага стылю. Храпуновіч – добры знаўца тэорыі.

Чэмпіянат праходзіў у клубе імя Сталіна (у час Вялікай Айчыннай вайны быў напаўразбураны. Канструкцыі, што ад яго засталіся, былі выкарыстаны пры будаўніцтве кінатэатра «Перамога» на рагу цяперашніх вуліц Інтэрнацыянальная і Камсамольская).

На адкрыцці выступіў намеснік старшыні ВСФКБ Лейба Кузняцоў, які падкрэсліў вялікае палітычна-выхаваўчае значэнне, што надаецца ў Савецкім Саюзе развіццю масавага шахматна-шашачнага руху.

Газета «Звязда» пісала, што першы тур чэмпіянату «выклікаў вялікую зацікаўленасць працоўных Менску. Кожны ход ігракоў занатоўваецца і абмяркоўваецца шматлікімі аматарамі». Наведвальнасць турніру была высокай, у асобныя вечары гульнявое памяшканне не змяшчала ўсіх жадаючых. Па распараджэнні ЦСПСБ было арганізавана наведванне партый рабочымі. Ігракі ў сваю чаргу запрашаліся на прадпрыемствы з сеансамі адначасовай гульні, гутаркамі і лекцыямі. Цягам турніру яны таксама павінны былі здаць нормы па комплексе ГПА (пра вынікі не паведамлялася).

«Рабочий» і «Чырвоная змена» даволі падрабязна асвятлялі ход чэмпіянату, даючы не толькі вынікі партый, але і коратка распавядаючы пра некаторыя з іх. Вось самае цікавае.

Падобна, што на здымку партыя чэмпіянату Беларусі 1933 года. Па цэнтры стаіць Барыс Міроцін. Фатаграфія захоўваецца ў Музеі гісторыі горада Мінска, куды яе перадала ўнучка Дз. Гардзевіча Ала Малыхіна

Тур 1. Першай скончылася партыя Сцяпанаў – Гардзевіч. Сцяпанаў прымяніў сумнеўную навінку, Гардзевіч знайшоў абвяржэнне і прымусіў саперніка да здачы. Ліхадзіеўскі супраць Храпуновіча атрымаў лепшую партыю, аднак заблытаўся і прайграў. Берман трапіў у цяжкае станоішча супраць майстра Гардона, аднак усе спробы апошняга былі адбіты, і пасля напружанай гульні партыя скончылася ў нічыю.

Тур 2. Метадычнай гульнёй Берман заціснуў Гардзевіча і выйграў. Міроцін разграміў Сцяпанава. Берлінкоў выйграў у Ракітніцкага, які дапусціў пралік. Усе атакі Гардона разбіты дакладнай гульнёй Ліхадзіеўскага, партыя адкладзена ў роўным становішчы.

Тур 3. Берман заблытаўся і прайграў майстру Міроціну. В. Касперскі зяўнуў шашку і здаўся майстру Гардону.

Тур 4. Дзень нічыіх, толькі дзве партыі скончыліся вынікова. Майстар Міроцін выйграў у Ліхадзіеўскага, Сцяпанаў – у Бермана.

Тур 6. Майстар Гардон на 13-м ходзе выйграў у Ракітніцкага.

Тур 7. Слаба супраціўляўся майстар Сцяпанаў супраць Берлінкова і прайграў. Майстар Гардон выйграў у Храпуновіча на 66-м ходзе.

Тур 8. Школьнік пратэрмінаваў час і здаўся Гардону.

Турнір упэўнена выйграў Барыс Міроцін, які, нагадаю, гуляў па-за конкурсам. Вынікі чэмпіянату ён падагуліў на старонках «64. Шахматы и шашки в массы».

"64. Шахматы и шашки в массы", 1933 год № 11/12

* Табліца ў большым памеры тут.

У першынстве Беларусі першае месца падзялілі майстар Ілья Гардон і тэхнік мінскага завода ланцугоў Галя Барыс Берлінкоў (у табліцы па старой памяці яму напісалі Віцебск, хаця за некалькі месяцаў да чэмпіянату Берлінкоў пераехаў у Мінск). «Чырвоная змена» паведамляла, што «першынство па БССР не высветлена», то бок, магчыма, планаваўся дадатковы матч за першае месца. Ён, аднак, не адбыўся. Трэцяе месца таксама падзялілі – рабочы завода імя Варашылава Дзяніс Гардзевіч і віцебчанін Ісаак Храпуновіч. Зусім няўдала згуляў прызёр папярэдняга чэмпіянату Школьнік.

Ніводнай партыі чэмпіянату знайсці пакуль не атрымалася.


V чэмпіянат Беларусі, 1-14 жніўня 1934 года, Мінск

Праграма Усебеларускіх шахматна-шашачных спаборніцтваў, якім прысвоілі імя газеты «Звязда», гэтым разам уключала два шашачныя чэмпіянаты рэспублікі – мужчынскі і жаночы, які быў праведзены ўпершыню.

Старшынёй арганізацыйнага камітэта з’езда быў Сяргей Пасэ – памочнік першага сакратара Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі Мікалая Гікалы. Пасэ таксама ўзначальваў шахматна-шашачную секцыі пры ЦСПСБ. Спаборніцтвы праходзілі ў Доме партактыву (яго яшчэ называлі Домам камуністычнай асветы).

У чэмпіянаце Беларусі сярод мужчын вярнуліся да сістэмы, што выкарыстоўвалася два гады таму назад: групавыя спаборніцтвы, пасля – фінал. Але спачатку ў гарадах рэспублікі прайшлі адборачныя турніры, бо кандыдаты на ўдзел ва Усебеларускіх спаборніцтвах маглі вылучацца выключна па выніках гарадскіх і раённых турніраў. Персанальнае месцы было выдзелена Аляксандру Круталевічу, які выйграў спаборніцтвы асветнікаў БССР. Аднак ён ў першынстве Беларусі не згуляў.

Адборачныя турніры прайшлі ў Віцебску, Магілёве, Оршы, Горках, Бабруйску, Барысаве, Гомелі, Полацку, Мінску (самы масавы – 72 удзельнікі). У Бабруйску, не прайграўшы ні адной партыі, перамог 15-гадовы школьнік Беніямін Гарадзецкі, які пасля стаў адным з першых савецкіх гросмайстраў.

Беніямін Гарадзецкі ў час 1-га Усесаюзнага турніру піянераў і школьнікаў у Ленінградзе.
"Пионерская правда", 1934 год № 6

Да 20 ліпеня ў аргкамітэт трэба было выслаць заяўкі з характарыстыкамі кандыдатаў, табліцамі спаборніцтваў і лепшымі партыямі.

Чэмпіянат Беларусі пачаўся 1 жніўня. У групавых турнірах, якія праходзілі чатыры дні, прынялі ўдзел 26 ігракоў. 14 лепшых з іх адабраліся ў фінал. Запрошаных майстроў на гэты раз не было, хаця іх удзел планаваўся.

Пасля заканчэння групавых спаборніцтваў адбыўся таварыскі матч паміж зборнымі Мінска і БССР, якія былі складзены з удзельнікаў першынства рэспублікі. З лікам 9:5 выйгралі сталічныя шашысты. На першых дошках Гардон перамог Красніцкага (Магілёў), Берлінкоў – Ходырава (Віцебск), Гардзевіч – Храпуновіча (Віцебск).

6 жніўня пачаўся фінал. Яго ўпэўнена выйграў майстар Ілья Гардон, які апярэдзіў бліжэйшага праследавальніка на 2½ ачкі. Гэтая перамога стала для яго чацвёртай у чэмпіянатах Беларусі.

"Звязда", 1934 год № 199

Лёс другога месца вырашыўся толькі ў апошнім туры. Дзяніс Гардзевіч адставаў ад Барыса Берлінкова на палову ачка, аднак выйграў асабістую сустрэчу і стаў сярэбраным прызёрам. Мінулагодні чэмпіён рэспублікі Берлінкоў застаўся трэцім. У кожным з трох згуляных пяршынстваў Беларусі ён выйграваў медаль.

Свой лепшы вынік у чэмпіянатах рэспублікі паказаў гамельчанін Пеўзнер, які заняў чацвёртае месца, прайграўшы толькі Гардону. Трэба адзначыць удалы дэбют Гарадзецкага: юнак добра згуляў у групавым турніры і выйшаў у фінал першынства, дзе падзяліў 8-10-е месцы.

Пра ход чэмпіянату Ілья Гардон распавёў на старонках «64. Шахматы и шашки в массы».

"64. Шахматы и шашки в массы", 1934 год № 8/9

* Табліца ў большым памеры тут.

Вось фрагмент з партыі чэмпіёна.

Гардон І. – Пеўзнер, тур 6, 9 жніўня


1. fe3 fg5 2. dc3 f:d2 3. c:e1 dc7 4. h:f4 cb6 5. ba5 b:d4 6. hg3 ef6 7. gh4 fg7 8. ab4 fe5 9. ed2 e:g3 10. h:f2 dc3 11. de3 ab6 12. b:d2 bc5 13. dc3 de5 14. fg3 gh6 15. ab6 c:a7 16. ed4 ef4 17. g:e5 hg5 18. ef6 g:e7 19. de5 x

Тры знойдзеныя партыі першынства з каментарамі ігракоў можна паглядзець па спасылцы.


Комментарии

Популярные сообщения из этого блога

Новае пра Ілью Гардона

Чэмпіянат Беларусі па шашках 1928 года

Даваенныя жаночыя чэмпіянаты Беларусі па шашках