Чэмпіянат Беларусі па шашках 1928 года

Першы чэмпіянат Беларусі па шашках адбыўся ў чэрвені 1925 года. Другі планавалі правесці ў наступным годзе, але адмянілі з-за ўведзенага ў Савецкім Саюзе рэжыму эканоміі. Не выдзелілі сродкаў на рэспубліканскія спаборніцтвы па шашках і шахматах і ў 1927 годзе.

Выдаткі на правядзенне IV Усебеларускага шахматна-шашачнага з’езда, у рамках якога ў верасні 1928 года ў Мінску павінны былі прайсці другі чэмпіянат рэспублікі па шашках і шэраг шахматных турніраў, удалося ўключыць у фінансавы каштарыс Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР (сярод іншых сродкаў на дзейнасць Вышэйшага савета фізічнай культуры Беларусі) толькі на 1928/1929 бюджэтны год. Аднак замест 3 000 рублёў, якія прасіў ВСФКБ, выдзелілі толькі 1 400.

Пасля атрымання гэтай інфармацыі прэзідыум ВСФКБ на пасяджэнні 7 верасня вырашыў перанесці пачатак з’езда на 6 кастрычніка 1928 года і прасіць Савет Народных Камісараў БССР аб выдзяленні датацыі ў суме 2 000 рублёў. Таксама акруговым саветам фізкультуры было дадзена ўказанне аб камандзіраванні ўдзельнікаў на з’езд і вырашана прасіць Цэнтральны савет прафсаюзаў Беларусі даць такое ж указанне сваім акруговым структурам (цікава, што ВСФКБ і ЦСПСБ тады узначальваў адзін і той жа чалавек – Іван Рыжоў). Магчыма, СНК просьбу аб выдзяленні датацыі перанакіраваў менавіта ў ЦСПСБ, бо, як пісала газета «Савецкая Беларусь», яго прэзыдыум 4 кастрычніка «пастанавіў утрыманьне дэлегатаў на ўвесь час зьезду прыняць за кошт адпаведнага саюзу». Прыезджыя размяшчаліся ў гасцініцы «Еўропа» на плошчы Свабоды.

Гасцініца «Еўропа» ў сярэдзіне 1920-х гадоў

Урачыстае адкрыццё з’езда адбылося 6 кастрычніка а 18-й гадзіне ў клубе імя Карла Маркса. Старшыня беларускай шахматна-шашачнай секцыі Радзівон Шукевіч-Траццякоў падагуліў дасягненні за два гады, сакратар ЦСПСБ тав. Ісаеў падкрэсліў вялікую зацікаўленасць шахматамі і шашкамі з боку прафсаюзаў у мэтах прасоўвання іх у масы рабочых і працоўнай моладзі, а намеснік старшыні ВСФКБ Леў Леў звярнуў увагу на тое, што яшчэ не ўсе акруговыя саветы фізкультуры зразумелі карысць шахмат і шашак, мала закранута вёска, сяляне.

Таксама з навукова-папулярным дакладам аб шашках выступіў дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Круталевіч, а прафесар Серафім Васілейскі спыніўся на псіхалогіі шахматнай гульні і яе гігіене. Адзначалася, што іх мастацкі пабудаваныя даклады выклікалі вялікую зацікаўленасць слухачоў. Пасля асістэнт БДУ Аляксандр Гайвароўскі зрабіў паведамленне аб тых навуковых доследах, якія будзе праводзіць над удзельнікамі з’езда псіхатэхнічная лабараторыя.

Псіхатэхнічная лабараторыя, 1920-я гады.
У цэнтры сядзяць А. Гайвароўскі і С. Васілейскі

Другое першынство Беларусі пачалося на наступны дзень, 7 кастрычніка, у клубе саўгандальслужачых. Планавалася, што будзе 30 удзельнікаў, у тым ліку пяць майстроў – ураджэнцаў БССР: пераможца першага чэмпіянату рэспублікі Ілья Гардон (Мінск), Барыс Міроцін (Гомель), ураджэнец Быхава Давід Гінзбург (Масква), а таксама ленінградцы Самуіл Гардон і Леў Рам, якія шашкамі пачыналі займацца ў Мінску і Віцебску адпаведнаАгучвалася, што пры ўдзеле ўсіх пяці майстроў, калі б перамог не майстар, то ён атрымаў бы гэтае званне.

Аднак 7 кастрычніка старт у першынстве прынялі толькі 22 ігракі, з якіх майстроў было трое. Не прыехалі ў Мінск Гінзбург, а таксама прадстаўнікі Мазырскай акругі, Оршы і Гомеля, у тым ліку майстар Міроцін, які прэтэндаваў на чэмпіёнства. За высокія месцы пазмагаліся б і гамяльчане Рудзін з Агранавым.

Нядбайныя адносіны Гомельскага акруговага СФК, які не выдзеліў грошы на камандзіраванне шашыстаў і шахматыстаў у Мінск, сталі прадметам асобнага разбіральніцтва з боку ВСФКБ, які праз некалькі месяцаў вынес рэзалюцыю па гэтым пытанні.

Не дачакаўся чэмпіянату першы беларускі майстар Барыс Круталевіч, які памёр у лютым 1928 года. Не згуляў у турніры і яго старэйшы брат Аляксандр. Таксама трэба адзначыць адсутнасць прызёра першага першынства Беларусі Прэсмана, які незадоўга да пачатку турніру пераехаў у Ленінград.

Але і без недаехаўшых ігракоў геаграфія ўдзельнікаў, у адрозненне ад першага чэмпіянату, была дастаткова шырокай: Бабруйск, Барысаў, Віцебск, Полацк, Мінск і Ленінград. Прадстаўнікі апошняга Гардон-малодшы і Рам спазніліся і свае першыя партыі правялі 8 кастрычніка.

Самуіл Гардон і Леў Рам у 1928 годзе

Самуіл Гардон адразу перамог Элью, які дагэтуль ішоў без паражэнняў. Рам жа прыгожай і дакладнай гульнёй выйграў партыю, якая, здавалася, павінна была завяршыцца ўнічыю.

У сярэдзіне чэмпіянату наперадзе ішлі тры майстры і рабочы-металіст Элья. Магчыма, некалькі тураў першынства прайшло на буйных заводах горада. Так зрабіць палічыў мэтазгодным прэзідыум ВСФКБ, які абмяркоўваў ход турніраў з’езда на сваім пасяджэнні 10 кастрычніка.

Чэмпіянат закончыўся ўпэўненай перамогай Самуіла Гардона, які набраў 19 ачкоў з 21 і на тры пункты апярэдзіў Рама і старэйшага брата. У васьмёрку мацнейшых таксама трапілі Мордух Элья (Мінск) – 14,5 ачкоў, Вакштэйн (Мінск) – 13,5, Маісей Школьнік (Барысаў) – 13, А. Юршчык (Мінск) – 12,5, А. Рыжкоў (Віцебск) – 12. Няўдала згуляў прызёр першага першынства Беларусі Вадзім Касперскі, які падзяліў 17-е месца.

Ілья Гардон падсумаваў ход і вынікі чэмпіянату на старонках часопіса «64. Шахматы и шашки в рабочем клубе»а таксама даў характарыстыку гульні некаторых удзельнікаў.


На закрыцці Аляксандр Круталевіч уручыў Самуілу Гардону спецыяльны прыз – выдадзены ў 1828 годзе шашачны падручнік Пятрова.

Пераможцы таксама атрымалі жэтоны, але са спазненнем. У снежні газета «Зьвязда» паведамляла, што «жатоны пераможцам зьезду ўжо атрыманы з Ленінграду і ў бліжэйшыя дні будуць высланы ў акругі. Жатоны выкананы высока мастацкі, надпіс на жатонах – на беларускай мове».

Калекцыя.by

Таксама на закрыцці асабліва адзначылі 30-гадовы творчы юбілей вядомага шашачнага кампазітара Якава Гордзіна з Бабруйска, прэзідыум ВСФКБ пастанавіў выдаць яму асабісты жэтон.

Некалькі фрагментаў партый першынства.

А. Берман – І. Гардон


1. fe3? ef6 2. gff:d4 3. hghg5! 4. gfgh6! 5. dccb6 6. c:ehg7 7. cdba5 8. bagf6 9. e:gh:f8 10. f:hfg7 11. h:ba:g3 х

 

Л. Рам – Ходыраў


1. bchg7? 2. fg5cd4 3. g:ed:b2 4. edf:d6 5. dcb:d4 6. fgh:f2 7. g:eх

Усе знойдзеныя партыі чэмпіянату можна паглядзець тут. Першыя тры – з каментарамі Ільі Гардона.

Усяго ў чатырох турнірах IV Усебеларускага шахматна-шашачнага з’езда прынялі ўдзел 93 чалавекі. Цікавую статыстыку прывяла газета «Зьвязда».

Комментарии

Популярные сообщения из этого блога

Першы чэмпіянат Беларусі па шашках

Ілья Гардон: першы чэмпіён, першы трэнер