Да 150-годдзя з дня нараджэння Якава Гордзіна
20 чэрвеня спаўняецца 150 гадоў з дня нараджэння вядомага эцюдыста, аўтара першай беларускай кнігі па шашках Якава Хаімавіча Гордзіна.
Якаў (Лейба-Янкель) Гордзін
нарадзіўся 20 чэрвеня 1876 года ў Бабруйску. Пра яго сям’ю вядома няшмат. На
момант нараджэння сына бацькам – Хаіму і Соры – было па 26 гадоў. У Якава былі
сёстры Доба і Кейля, а таксама браты Абрам і Моўша.
У 1974 годзе сын Гордзіна Навум,
які жыў у г. Петах-Ціква (Ізраіль), запоўніў ліст паказанняў сведкі ў Інстытуце памяці ахвяраў
нацызму і героеў Супраціўлення Яд Вашэм. З яго вядома, што жонкай Якава
Гордзіна была Мэры Эйдэльман.
Эцюдыст
Зацікавіўся шашкамі Якаў
Гордзін у канцы XIX стагоддзя. Яго першы эцюд быў надрукаваны ў часопісе
«Родина» ў 1898 годзе. З тых часоў творы Гордзіна рэгулярна з’яўляліся на
старонках розных выданняў.
Неўзабаве прыйшоў і першы
поспех. Эцюд Гордзіна пад дэвізам «Проба пяра» ўзяў трэці прыз у конкурсе
часопіса «Шашки», які выдаваў у Кіеве Павел Бадзянскі.
1. ab4 fg1 (калі 1. … fe1, то 2. bc7 і 3. cb6х; на 1. … hg3 2. b:h2 fh4 3. bc3x) 2. dc7 gf2 (2. … hg3 3. c:h2 gf2 4. be1 fh4 5. bf4 e:g5 6. hg3x) 3. be1 fg1 4. ec3 gf2 5. c7-a5 fg1 6. ch8 gf2 7. ae1 fg1 8. ef2 ed2 9. be5x.
Галоўны суддзя конкурсу Аляксандр
Шошын пісаў пра гэты твор так: «Этюд, несомненно, составлен искусным автором. Масса красивых положений и единственность
первых ходов с избытком выкупают недостаток задачи, обнаруживающийся в том, что
на 6-м ходу белые могут идти дамкой с3 на любое (за исключением, конечно, d4) поле большой дороги».
З часам Гордзін стаў адным з
лепшых эцюдыстаў, яго творы займалі прызавыя месцы ў розных конкурсах.
У жніўні
1925 года часопіс «64. Шахматы и шашки в рабочем клубе» падвёў вынікі першага конкурсу задач
і эцюдаў. Гордзін выйграў першы прыз за эцюд пад дэвізам «Лебядзіная песня».
1. ab2 ed2 (калі 1. … hg1, то 2. bd4 e:c5 3. eg3 f:h2 4. h:a7x) 2. e:c3 hg1 (2. … gh4 3. h:e3 hg1 4. ba1x) 3. ba1 ga7 (3. … gh2 4. cd4 hg1 5. da7 gh2 6. ae5x) 4. hf8 ag1 5. fd6 fe3 6. dg3 gh4 (калі 6. … gf4, то 7. g:b8 gf2 8. ce1 fh4 9. ad4 e:c5 10. bg3x) 7. gh2 gf2 8. ca5 fg1 9. ah8 gf2 10. ae1 fg1 11. ef2 hg3 (11. … ed2 12. he5x) 12. f:a7 g3-f2 13. hg3 f:h4 14. hd4x.
У 1927 годзе Гордзіну быў прысуджаны прыз за найлепшую канцоўку ў конкурсе часопіса «Московский пролетарий».
У 1935-1938 гадах эцюды
Гордзіна тройчы атрымоўвалі прызы ў конкурсах, якія праводзіла
шахматна-шашачная газета «64».
Таксама Гордзін на старонках
часопіса «64» публікаваў грунтоўныя артыкулы «Недаацэнка пазіцый», «Мэта
эцюдных ідэй», «Дамка супраць дамкі і дзвюх простых», «Разбор цяжкіх канцовак і
эцюдаў» і інш.
Гордзін быў аўтарам
кнігі «Курс канцоў партый
рускай шашачнай ігры». Яе самы вялікі раздзел
быў прысвечаны нармальным канчаткам і гульнявым эцюдам.
Кніга прызначалася для школ, клубных
гурткоў і хат-чытальняў. Яна знаёміла пачынаючых аматараў шашачнай гульні з
асноўнымі правіламі, натацыяй, апазіцыяй, самаабкладаннем і інш.
Выдадзены ў 1932 годзе «Курс канцоў партый рускай шашачнай ігры» стаў першай беларускай кнігай па шашках. У рэцэнзіі на кнігу бліскучы знаўца эндшпіляў Мікалай Кукуеў пісаў,
што кніга займальная і карысная не толькі для пачаткоўцаў, але і для
кваліфікаваных аматараў, і з’яўляецца добрым дапаможнікам.
Вось прыгожы эцюд Гордзіна з кнігі.
1. ab2 hg3 (калі 1. … de3, то 2. hg1 і г.д.) 2. b:f6! gf2 3. hg1! fe1 4. fh4! і далей аддаем
на поле b6 ці f2.
Планаваўся выхад другой часткі кнігі,
ужо разлічанай на больш кваліфікаваных шашыстаў. Аднак яна так і не выйшла. Як
і брашура «Як складаецца
шашачны эцюд», якую рыхтаваў Гордзін.
Ігрок
5 снежня 1900 года ў Кіеве
прайшоў аднадзённы турнір. Адным з яго 12 удзельнікаў стаў Якаў Гордзін, які
заняў 5-е месца. На старонках часопіса «Шашки» Бадзянскага яго прадставілі як
прыезжага аматара з Мены Чарнігаўскай губерніі. Відаць, Гордзін знаходзіўся там
па нейкіх справах.
Першай апублікаванай партыяй
Гордзіна стала яго партыя гэтага турніру з Бадзянскім. Гуляў Гордзін слаба і
хутка прайграў.
П. Бадзянскі – Я. Гордзін
1. ab4 bc5 2. ba5 de5 3. ef4 ed6 4. ba3 fe7 5. ab2 fg5 6. fe3 ef6 7. gh4 e:g3 8. h:f4 de7 9. cd4 ab6 10. bc3 і, зрабіўшы яшчэ адзін ход, Гордзін здаўся.
На наступны дзень Гордзін
згуляў пяць партый з мясцовым шашыстам А. Зенчанкавым, зрабіўшы толькі адну
нічыю і прайграўшы астатнія. Яшчэ адзін турнір у Кіеве адбыўся 10 сакавіка 1901
года. Гордзін заняў 6-е месца з 7.
І ў далейшым партыі Гордзіна,
згуляныя ў асноўным у Бабруйску, публікаваліся ў дарэвалюцыйных часопісах.
Са стварэннем у 1923 годзе
Усесаюзнай шахматна-шашачнай секцыі (федэрацыі) шашкі пачалі развівацца і
фінансавацца ў сістэме саветаў фізічнай культуры, а таксама прафсаюзамі. Сталі
праводзіцца афіцыйныя турніры рознага ўзроўню.
Летам 1923 года ў Бабруйску
Гордзін згуляў матч з чэмпіёнам Мінска Барысам Круталевічам (праз год, заняўшы пятае месца
ў чэмпіянаце СССР, ён стане першым беларускім майстрам па шашках).
Супраціўлення такому моцнаму саперніку Гордзін аказаць не здолеў – ён выйграў
толькі адну партыю, а прайграў адзінаццаць.
У студзені-лютым 1925 года праходзіў
гарадскі турнір з удзелам 18 лепшых ігракоў Бабруйска. Гордзін набраў 30 ачкоў
з 34 і заняў першае ці другое месца (вынікаў знайсці пакуль не атрымалася).
Гордзін доўга ўваходзіў у лік
мацнейшых ігракоў горада, таму некалькі разоў атрымліваў персанальны допуск у
пяршынствы Беларусі. Ён прыняў удзел у трох з іх.
У першым чэмпіянаце рэспублікі, які
праходзіў у чэрвені 1925 года, Гордзін заняў 7-е месца пры 9 удзельніках
(турнір пачынала 12 ігракоў, аднак 3 выбыла). Нягледзячы на не вельмі высокі
вынік, ён зрабіў нічыі са стаўшым чэмпіёнам Ільёй Гардонам і Г. Прэсманам, які
падзяліў 2-3-е месцы.
![]() |
| Часопіс «Резец», 1925
год № 29 |
У другім першынстве Беларусі (кастрычнік 1928 года) Гордзін
стаў 16-м з 22. На закрыцці асабліва
адзначылі яго 30-гадовы творчы юбілей: прэзідыум Вышэйшага Савета фізічнай
культуры БССР пастанавіў выдаць Гордзіну асабісты жэтон.
Трэці і апошні раз Гордзін
згуляў у чэмпіянаце Беларусі ў 1932 годзе ва ўзросце 56 гадоў. Супрацьстаяць
больш маладым сапернікам было ўжо цяжка. На папярэднім этапе Гордзін у сваёй групе ў пяці партыях
зрабіў толькі адну нічыю і ў фінал не выйшаў.
Ён працягваў гуляць ў гарадскіх
турнірах, выступаў таксама ў спаборніцтвах галіновага прафсаюза. У 1933 годзе
Гордзін перамог у чэмпіянаце Бабруйска, а праз два гады выйграў Усебеларускі
турнір работнікаў лесу і сплаву.
![]() |
| «64. Шахматно-шашечная газета», 1935 год № 11 |
Гросмайстар Веніямін Гарадзецкі, які нарадзіўся і пачаў
займацца шашкамі ў Бабруйску, у кнізе «Романтика шашек» успамінаў
пра гульню Гордзіна так:
«Но играл он не сильно. Парадоксально, что самым уязвимым местом в его игре были окончания! Этим страдают многие проблемисты. Явление вполне объяснимо. Обладая обостренным “эндшпильным чутьем", проблемисты всегда ищут в окончаниях нечто особенное. На поиски они тратят много сил и времени и в конце концов допускают ошибки.
Вскоре после присвоения мне первой категории (1934 год. – В.А.) состоялся очередной чемпионат города. Мне удалось в нем одержать ряд побед, в том числе над маститым композитором. Решающую ошибку Я. Х. Гордин допустил ... в эндшпиле».
Дарэчы,
менавіта з зацемкі Гарадзецкага, прымеркаванай да 60-годдзя Гордзіна, у бабруйскай газеце «Камуніст», стала вядома яго дакладная дата нараджэння.
Пра тое, што
ахілесавай пятой Гордзіна была гульня ў эндшпілі, пісаў і Аркадзь Ракітніцкі, які ў кнізе «Дарагія аматары шашак» прывёў такую гісторыю:
«У час аднаго рэспубліканскага
турніру друкароў у канцы трыццатых гадоў у Мінску сярод удзельнікаў быў вядомы
знаўца эцюдаў і заканчэнняў, аўтар першага на Беларусі падручніка “Курс канцоў партый
рускай шашачнай гульні" Якаў Гордзін. Яму было больш за шэсцьдзесят гадоў, але ветэран удала змагаўся ў турніры з маладымі ўдзельнікамі.
У апошнім туры, а мне давялося судзіць гэтыя
спаборніцтвы, Гордзін сустракаўся з Анатолем Малецкім. Каб атрымаць першы прыз,
Малецкаму даволі было нічыёй, а бабруйчаніну быў неабходны толькі выйгрыш. І
вось у заканчэнні, якое паказана на дыяграме, Гордзін згуляў так.
1. gf2? cd4 2. ea5, з тым, каб на 2. … fe5? адказаць 3. ad2. Чорныя, аднак, ахвяравалі шашку 2. … hg3! 3. f:h4 de3 і выратавалі партыю. Чэмпіёнам стаў Малецкі, а Гордзін быў другім.
Пасля заканчэння паядынку я Гордзіну ўказаў, што пазіцыя цалкам супадала з вядомым эцюдам, у якім быў эфектны выйгрыш. Ён адказаў, што ўсе надрукаваныя эцюды добра памятае, а гэтага эцюда не сустракаў. Прыйшлося адкрыць 83-ю старонку ягонай кнігі і паказаць дыяграму № 193, над якой значылася прозвішча аўтара: “Я. Гордзін".
Вядомы майстар эцюдаў быў дужа збянтэжаны.
А выйгрыш дасягаўся так: 1. gh2! cd4 2. ef2!! dc3 3. hg3! У чорных няма паратунку ад удару 4. fg1».
Функцыянер
Яшчэ ў 1903 годзе Гордзін зрабіў
спробу арганізаваць у Бабруйску турнір, аднак атрымаў ад гарадскіх уладаў
катэгарычную адмову. Тады Гордзін у сваёй кватэры арганізаваў нефармальны клуб,
дзе праходзілі неафіцыйныя турніры сярод аматараў, якіх у горадзе было нямала.
Шмат зрабіў Гордзін для шашак у
Бабруйску ў 1920-30-х гадах, калі яны сталі развівацца больш актыўна.
У пачатку снежня 1924 года Гордзін,
які прадстаўляў дрэваапрацоўшчыкаў, увайшоў у створаную шахматна-шашачную
секцыю пры цэнтральным рабочым клубе Бабруйска, якая аб’яднала ўсе гурткі
рабочых клубаў горада. Ужо 7 снежня Гордзін прачытаў там лекцыю-даклад аб шашках.
У лютым 1926
года ў мясцовай газеце «Камуніст»
пачаў выходзіць шахматна-шашачны аддзел пад рэдакцыяй доктара Л. Гурвіча і Я.
Гордзіна. Рэдактарам аддзела Гордзін быў да жніўня 1928 года. Усе знойдзеныя
выпускі аддзела за гэты перыяд можна паглядзець тут.
21 сакавіка 1926 года пры
Бабруйскім акруговым савеце фізкультуры было арганізавана шахматна-шашачнае
бюро, у склад якога ў ліку іншых увайшоў і Гордзін.
І ў далейшыя гады Гордзін прымаў
актыўны ўдзел у развіцці шашак у Бабруйску: быў інструктарам у рабочых клубах, даваў
сеансы адначасовай гульні, выступаў з лекцыямі перад юнымі шашыстамі горада і
г.д.
Дзякуючы працы Гордзіна і іншых
людзей Бабруйск стаў заўважным пунктам на шашачнай карце Беларусі. Браніслава Баскіна ў 1930-х гадах перамагла ў трох першых пяршынствах рэспублікі сярод
жанчын і стала 10-й у першым чэмпіянаце СССР. Веніямін Гарадзецкі ў 1936 годзе выйграў
першынство Савецкага Саюза сярод школьнікаў, станавіўся прызёрам мужчынскага
чэмпіянату Беларусі. Яго старэйшы брат Натан, маючы перад вачыма прыклад
Гордзіна, стаў складальнікам, яго творы з 1928 года публікаваліся ў часопісе
«64» і беларускай прэсе. Былі ў бабруйчан і іншыя поспехі.
22 чэрвеня 1941 года пачалася
Вялікая Айчынная вайна. Бабруйск быў захоплены немцамі праз 6 дзён. 1 жніўня ў
горадзе было створана гета, у якім да канца года разам з тысячамі іншых яўрэеў
быў забіты і Якаў Хаімавіч Гордзін.
![]() |
| Мемарыяльны знак «Вязням Бабруйскага гета» Дзякую за дапамогу пры падрыхтоўцы артыкула Пятру Шклудаву. |









Комментарии
Отправить комментарий