Даваенныя жаночыя чэмпіянаты Беларусі па шашках
Аркадзь Ракітніцкі ў сваіх кнігах прыводзіў такі спіс пераможцаў даваенных чэмпіянатаў Беларусі сярод жанчын.
![]() |
«Дарагія аматары шашак» |
Аднак, як аказалася пасля прагляду газет і часопісаў таго
часу, шмат у чым ён памыліўся. Карэктны спіс прывяду ў канцы артыкула.
І чэмпіянат (1-7 жніўня 1934 года, Мінск)
Першае жаночае першынство рэспублікі прайшло ў рамках
Усебеларускіх шахматна-шашачных спаборніцтваў. На адным з паседжанняў
аргкамітэт надаў ім імя газеты «Звязда». Кандыдаты на ўдзел маглі
вылучацца толькі па выніках адборачных гарадскіх і раённых турніраў. Іх табліцы
разам з лепшымі партыямі і характарыстыкамі ігракоў высылаліся ў аргкамітэт.
Наўрад ці ўсе рэгіёны выканалі такія строгія
патрабаванні, але адборачны турнір дакладна прайшоў у Бабруйску, яго выйгралі
Баскіна і Плоткіна. У Мінску Белкіна гуляла ў адборы сярод мужчын, дзе ў сваёй
групе набрала два ачкі з дзевяці.
Планавалася, што ў чэмпіянаце Беларусі прыме ўдзел
10-12 шашыстак, але ў выніку іх сабралася ўсяго 6. Акрамя названых вышэй трох,
яшчэ гулялі Гімельштэйн (Мінск), Кроль (Магілёў) і Зісерсон (Віцебск).
Першынство
праходзіла ў Доме партактыву. Яно стала першым жаночым турнірам такога ўзроўню,
праведзеным у Савецкім Саюзе.
Адна з ключавых, як аказалася потым, партый была згуляна ў першым туры – Белкіна перамагла Баскіну. Аднак потым мінчанка зрабіла дзве нічыі, і Браніслава Баскіна, якая больш ачкоў не губляла, на фінішы дагнала саперніцу. Бабруйчанка, якая выйграла дадатковы матч, стала першай чэмпіёнкай Беларусі па рускіх шашках.
![]() |
«64. Шахматно-шашечная газета» № 8/9
Баскіна нарадзілася ў 1902 годзе, працавала ў бабруйскай ашчадкасе. Чэмпіёнкай Беларусі яна станавілася 5 разоў (1934, 1935, 1936, 1952, 1954).
У далейшым сталі праводзіцца асобныя жаночыя
шахматна-шашачныя чэмпіянаты Беларусі. Такі фармат захоўваўся да 1950-х
гадоў.
ІІ чэмпіянат (25-30 жніўня 1935 года, Магілёў)
Пра другое першынство інфармацыі няшмат. Яго планавалі
правесці з 20 па 25 жніўня ў Магілёве пры 12 удзельніцах, пасля пачатак
перанеслі на 5 дзён.
Гарадскі адборачны турнір да чэмпіянату быў арганізаваны
ў Мінску. У ім перамагла работніца трэста цэнтраспірта Сасноўская, другое месца
заняла работніца фабрыкі «КІМ» Аксельрод.
Вынікаў першынства Беларусі знайсці пакуль не ўдалося.
Вядома толькі, што зноў перамагла Браніслава Баскіна.
Пра ўзровень арганізацыі турніру можна даведацца з апублікаванага ў «64» ліста ўдзельніка паўфінала мужчынскага чэмпіянату Беларусі, які праходзіў адначасова з жаночым першынством.
![]() |
«64. Шахматно-шашечная газета» № 14
ІІІ чэмпіянат (8-14 сакавіка 1936 года, Мінск)
Чэмпіянат быў прысвечаны XI з’езду камсамола БССР і сабраў 8 удзельніц.
![]() |
«64. Шахматно-шашечная газета» № 17
Пасля двух тураў са стопрацэнтным вынікам лідзіравалі Заліванская (Магілёў) і Зісерсон, якая ўжо прадстаўляла Мінск. Аднак пасля наперад выйшлі Баскіна і мінчанка Марыя Ярашонак. Лёс першага месца вырашыўся ў іх асабістай сустрэчы, якую выйграла Баскіна і стала трохразовай чэмпіёнкай Беларусі. Трэцяе месца падзялілі Заліванская, Зісерсон і Гольдзіна (Гомель).
![]() |
«64. Шахматно-шашечная газета» № 17
Баскіна і Ярашонак атрымалі пуцёўкі на першы чэмпіянат СССР, які пачынаўся менш чым праз месяц у Ленінградзе. Аднак згуляла ў ім толькі першая – 10-е месца з 20.
У верасні наступнага года Баскіна заняла 12-е месца ў
другім першынстве Савецкага Саюза. Прыняць у ім удзел павінна была і работніца
магілёўскага скуранога завода Заліванская, аднак па нейкай прычыне гэтага не
адбылося.
З 1937 года жаночыя чэмпіянаты Беларусі пачалі праводзіцца
ў снежні. У адрозненне ад мужчынскіх пяршынстваў, якія беларускія газеты
асвятлялі вельмі падрабязна, прыводзячы вынікі ўсіх партый і ход некаторых з
іх, інфармацыя пра чэмпіянаты сярод жанчын давалася зусім сцісла: не заўсёды публікаваліся
прозвішчы ўсіх прызёраў, не кажучы ўжо пра табліцы.
IV чэмпіянат (16-26 снежня 1937 года, Мінск)
У чэмпіянаце прынялі ўдзел 7 чалавек, якія гулялі ў два кругі. Перамагла Марыя Ярашонак, якая набрала 10 ачкоў з 12. Баскіна на гэты раз засталася другой, адстаўшы на паўтара ачка. Хто заняў трэцяе месца, не паведамлялася.
![]() |
«Звязда» № 299
Ярашонак была студэнткай мінскай зубаўрачэбнай школы. У наступным годзе яна нароўні з мужчынамі гуляла ў турніры медыцынскіх работнікаў Беларусі і заняла трэцяе месца. Аркадзь Ракітніцкі пісаў, што Ярашонак, медсястра аднаго са шпіталяў, загінула ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны пад Смаленскам.
V чэмпіянат (?-25 снежня 1938 года, Мінск)
Першае месца падзялілі Ганна Бадылевіч (Мінск), Левіна (Магілёў) і Свіршчэўская (Віцебск).
![]() |
«Советская Белоруссия» № 297
Пра дадатковы матч не паведамлялася. Хутчэй за ўсё, званне «чэмпіянэсы» Беларусі было прысвоена ўсім траім.
Вядома, што Свіршчэўская вучылася ў педагагічным
інстытуце і ў пачатку года выйграла першы чэмпіянат Віцебска сярод жанчын,
Левіна таксама была студэнткай, Бадылевіч працавала на цагельным камбінаце. У 1939
годзе яна перамагла ў першынстве Мінска і ў турніры саюза работнікаў цагельнай
прамысловасці СССР сярод жанчын.
VI чэмпіянат (12-18 снежня 1939 года, Мінск)
Першае месца, набраўшы 6,5 ачкоў з 8 магчымых, заняла Бадылевіч. Другой стала Свіршчэўская.
![]() |
«Звязда» № 296
Гэтае першынство стала апошнім у даваенны перыяд. У 1940 годзе ні мужчынскія, ні жаночыя чэмпіянаты Беларусі па шашках (як і па шахматах) не адбыліся. Прайшоў толькі матч за званне чэмпіёна рэспублікі сярод мужчын, у якім Грушэцкі перамог Каплановіча.
Першынство Беларусі 1941 года планавалі правесці ў ліпені
з удзелам чэмпіёнак гарадоў рэспублікі. 9 сакавіка «Звязда» пісала, што да
гэтага часу няма звестак пра правядзенне чэмпіянатаў нават у буйнейшых гарадах
(Мінск, Віцебск, Гомель). Газета прапанавала актывісткам і аматаркам шашачнай
гульні больш ініцыятыўна ўзяцца за арганізацыю гарадскіх турніраў і
ўздзейнічаць на камітэты па справах фізкультуры і спорту. Аднак 22 чэрвеня пачалася
Вялікая Айчынная вайна.
Спіс пераможцаў і прызёраў даваенных жаночых чэмпіянатаў Беларусі на дадзеным этапе пошукаў выглядае так.









Комментарии
Отправить комментарий